О том, что на Чернобыльской АЭС произошла авария, докшичанин Николай Зубович прочитал в газете…

Ліквідатар Мікалай Зубовіч

Ліквідатар Мікалай Зубовіч

Пра тое, што 26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай АЭС адбылася аварыя, Мікалай Зубовіч прачытаў у газеце. Тады яшчэ не ўяўляў, што катастрофа мае такія вялікія маштабы, што самому прыйдзецца трапіць у забруджаную радыенуклідамі зону для ліквідацыі тэхнагеннай катастрофы.

Мікалай Аляксандравіч – адзін з першых сярод калег (працаваў ён на той час вадзіцелем дзяжурнай часці ў райаддзеле міліцыі), каго накіравалі ў Брагінскі раён як ліквідатара.

– Гэта быў снежань 1986 года, – прыгадвае Зубовіч. – Дыслацыраваліся ў вёсцы Савічы, дзе неабходна было ахоўваць дамы, якія пакінулі перасяленцы, іх маёмасць. А марадзёраў, якія былі не супраць пажывіцца чужым дабром, хапала. Вакол пустэча, жудасная карціна: ніводнай жывой душы. Па вуліцах бегалі бадзяжныя сабакі, на агародах ляжаў несабраны ўраджай, вялікія гарбузы, і гэта нягледзячы на тое, што была зіма. Сачылі таксама за супрацьпажарным станам у вёсцы, дзе заставаліся толькі адзінкавыя людзі – састарэлыя, якія не збіраліся пакідаць наседжанае месца, бо лічылі, што так распарадзіўся лёс і дажываць яны павінны ў роднай хаце.

1988 год.

1988 год.

На пытанне, ці пахла паветра па-іншаму пасля выбуху на ЧАЭС, Мікалай Аляксандравіч адказвае, што не. Хаця радыяцыя была паўсюль.

– Паветра як паветра, – гаворыць ён. – А вось неяк узяў у бібліятэцы кнігу пачытаць, дык праз хвілін 15 вочы пачалі слязіцца, рэзацца. Гэта папера ўвабрала ў сябе радыенукліды.

У зоне адчужэння Мікалай Зубовіч прабыў месяц, вярнуўся дадому, але праз два гады зноў паехаў выконваць місію ліквідатара, толькі ўжо ў Нараўлянскі раён. Там на рацэ Прыпяць патруляваў на катэры. Недалёка ад вадаёма размяшчаўся дзіцячы лагер, дзе захоўвалася каштоўная тэхніка – халадзільнікі, лодкі. Таму і было арганізавана дзяжурства, каб гэта ўсё не пераплавілі праз раку.

Пасля службы ў міліцы, перад тым як пайсці на пенсію, Мікалай Аляксандравіч працаваў інкасатарам. Зараз разам з жонкай Тамарай Аляксандраўнай – на заслужаным адпачынку. Выхавалі дачку Алёну, якая з’яўляецца дацэнтам кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ, выкладае на хімічным факультэце. Па праве ёю ганарацца.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *