Соцработник Докшицкого ТЦСОН Станислав Красовский: «Стараюсь, чтобы всё было по-человечески».
На раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі высокага звання “Лепшы па прафесіі ў сістэме сацыяльнай абароны” з занясеннем імя на Дошку гонару ўдастоены сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН, дэпутат Сітцаўскага сельскага Савета дэпутатаў, старэйшына вёсак Кіякова і Чаркасы Станіслаў Красоўскі.
Станіслаў Антонавіч, адзін са старэйшых работнікаў сацыяльнай службы раёна, нясе цеплыню і клопат у дамы адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей ужо дваццаць сёмы год. Падапечныя сацработніка ў вёсках Кіякова, Лісавічы, Старое Сяло Сітцаўскага сельсавета чакаюць яго прыходу заўжды з нецярпеннем. Ведаюць: іх любімы Станіслаў, Стасік, як ласкава яго называюць, не толькі вады прынясе, печку распаліць, расчысціць снег ці двор абкосіць, купіць, што трэба, у доме парадак навядзе, але і не пашкадуе лішняй хвілінкі, каб пагутарыць з імі, падтрымаць, абмеркаваць тое, што хвалюе, або проста нейкія навіны. А пажылым людзям такая вось увага часта бывае важнейшай за фізічную дапамогу.
– Стараюся, каб усё было па-чалавечы, – сціпла каментуе такія водгукі Станіслаў Антонавіч. – Напрыклад, прывезлі жанчыне дровы цуркамі. Канечне, можна выклікаць нашу гаспадарчую брыгаду, каб пашчапаць іх і скласці. Але ж у вёсцы, дзе жыхароў па пальцах адной рукі пералічыш, яна не дачакаецца, каб аб’яднацца з кім-небудзь для таго выкліку, а для яе, скажам так, пенсіённага кашалька ў адзіночку гэта даволі-такі значныя выдаткі. Дык я ў кожнае сваё наведванне да яе пакрысе тыя дровы шчапаю – за месяц яны і спарадкаваны. І мне няцяжка, і гаспадыні радасць.
– Станіслаў Красоўскі – надзейны наш памочнік і саратнік у самых розных грамадска карысных справах, – гаворыць старшыня Сітцаўскага сельскага Савета дэпутатаў Налалля Каляда. – Не прыпомню выпадку, каб ён у чым-небудзь адмовіў, сказаў, што няма часу ці гэта не ўваходзіць у яго абавязкі. Трэба, скажам, могілкі абкасіць – і людзей збярэ, што ў такіх маланаселеных вёсках, згадзіцеся, нялёгка, і сам шчыра працуе. Пра ўсё клапоціцца: каб графік прыезду аўталаўкі зручным быў, каб дарогі своечасова былі падсыпаны, прагрэйдзіраваны. Трэба падапечных у бальніцу ці ў сельсавет даставіць – калі ласка. Ёсць нейкія бытавыя праблемы, якія сам не ў стане вырашыць, – дапаможа звязацца з адпаведнымі службамі.
Жыхар Параф’янава, Станіслаў Антонавіч значную частку часу праводзіць у бацькоўскай хаце у Кіякове. Так, кажа, зручней яму дабірацца да сваіх дзядуляў і бабуль – на веласіпедзе. А яшчэ ён не можа без працы на зямлі, смяецца: чалавека з вёскі можна вывезці, а вёску з яго – не. Зямлі той у рупліўца нямала, як і тэхнікі для яе апрацоўкі. Ёсць і жыўнасць: авечкі, парасяты, птаства, пасека невялікая. Яго любімыя жанчыны, жонка і дачушка, само сабой зразумела, дапамагаюць весці гаспадарку, але асноўны клопат пра яе ўсё ж на яго моцных мужчынскіх плячах.
Не ўсе, мабыць, ведаюць, што па адукацыі Станіслаў настаўнік – закончыў Полацкае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці “спевы, дашкольнае музычнае выхаванне”. Так склалася, што рэалізаваў сябе ў іншай прафесіі, тым не менш музыка займае значнае месца ў яго жыцці, і ў раёне Красоўскага ведаюць як таленавітага спевака і музыканта, удзельніка фестываляў, канцэртаў, рознага роду ўрачыстасцей з нагоды свят. Прыхаджане Параф’янаўскага касцёла кожную нядзелю захапляюцца яго ігрой на аргане. І ўсе, каму хоць аднойчы даводзілася сутыкнуцца са Станіславам Антонавічам, адзначаюць яго душэўнасць, сціпласць, адкрытасць, лёгкасць у зносінах, памяркоўнасць, паважлівасць да людзей, працавітасць, адказнасць за справу. Цудоўныя рысы – і для сацыяльнага работніка, і для дэпутата.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.