День Берёзковского сельсовета прошел под руководством председателя районного Совета депутатов Валентины Рандаревич
У раёне прайшоў дзень Бярозкаўскага сельсавета пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч. Удзел у ім прыняў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала.
На тэрыторыі Бярозкаўскага сельсавета размешчана 29 населеных пунктаў, у якіх жывуць 555 чалавек. У Бярозках і Вітунічах – 200 чалавек, астатняе насельніцтва – у 23-х вёсках. У вёсках Чарня, Першы Май, Жамойск, Чысці-Таварысцкія жывуць сезонна.
У гэты дзень асабліва прадукцыйна прайшоў прыём грамадзян. У аграгарадку яго праводзіў кіраўнік раёна. Да Сяргея Уладзіміравіча звярнулася жыхарка Мацееўцаў, якая летась купіла ў гэтай вёсцы дом і плануе тут абжыцца. Марыць, што і яе дзеці таксама пераедуць у гэтыя прыгожыя мясціны. Удыхнуць новае жыццё ў населены пункт, на думку жанчыны, дамаможа аднаўленне вадаёма, які калісьці быў абуладкаваны ў вёсцы Маладзеева, а потым з-за людскога ўмяшальніцтва перастаў існаваць.
Выехаць на месца, каб разабрацца ў гэтым пытанні і прыняць рашэнне, кіраўнік раёна даручыў намесніку старшыні райвыканкама Сяргею Карчэўскаму і кіраўніцтву ПМС.
Жыхаркі вёскі Вітунічы агучылі сваю праблему. Яны трымаюць кароў, ад якіх перыядычна здавалі малако. Зараз жа такой магчымасці не маюць.
– Яшчэ да мінулай восені прадукцыю забіраў адзін з прыватных малаказборшчыкаў, – гаварылі заяўніцы. – А потым перастаў, спаслаўшыся на нявыгадны для яго маршрут.
Знайсці кансэнсус у дадзенай сітуацыі плануецца ў бліжэйшы час.
А вось на пытанне, звязанае з асфальтаваннем дарогі Пруднікі – Бярозкі, адказ знайшоўся адразу.
– Летась на гэтай дарозе дарожнікі паклалі асфальт працягласцю 15 кіламетраў, – гаварыла жыхарка аграгарадка Бярозкі. – Але чамусьці не да канца. Ці будзе ўсё ж такі завершаны рамонт?
На падвядзенні вынікаў дня сельсавета начальнік ДРБУ-180 Уладзімір Місачэнка запэўніў, што асфальт на двух кіламетрах дарогі, што засталася неабноўленай, будзе пакладзены ў гэтым годзе.
У вёсках Шклянцы, Забар’е, Заполле, Вялікае Поле і Гарадзішча жыхары звярнуліся з просьбай падсыпаць дарогі. У Грабянях – замяніць стары драўляны слуп лініі электраперадачы.
Хваляваў вяскоўцаў не толькі стан дарог, а, як і раней, асартымент тавараў у аўтакрамах. Напрыклад, у Мацееўцах прасілі пашырыць яго за кошт квасу, лівернай каўбасы і іншых прадуктаў. У Гарадзішчы паскардзіліся на тое, што малочная прадукцыя дастаўляецца з тэрмінам прыдатнасці, які павінен скончыцца праз дзень альбо два.
А вось ад жыхароў Вітуніч паступіла падзяка паштовым работнікам за тое, што ў іх можна купіць тавары, якія апошнім часам адсутнічаюць у краме.
Звароты вяскоўцаў былі выслуханы ва ўсіх населеных пунктах сельсавета, а пасля падведзены вынікі. Была заслухана таксама справаздача старшыні Бярозкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяны Славікоўскай. Яна паведаміла, якая работа па добраўпарадкаванні праводзіцца на тэрыторыі сельсавета, як вырашаюцца пытанні навядзення парадку на зямлі і якія яшчэ застаюцца на кантролі.
– Па-ранейшаму плённа працуем у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканальванні работы з пустымі дамамі”, – адзначыла Таццяна Валер’еўна. – У 2023 годзе за кошт бюджэтных сродкаў разабраны тры хаты, сёлета яшчэ чатыры, дзве з якіх дапамаглі знесці замацаваныя арганізацыі. А вось дом на вуліцы Зялёнай у вёсцы Дубраўка прызнаны безгаспадарчым. Таму было прынята рашэнне яго прадаць за базавую велічыню. Пакупнік, дарэчы, ужо знайшоўся.
ЦЫТАТА. “Рыхтавацца да дня сельсавета трэба не напярэдадні яго правядзення. Работа павінна весціся круглы год. Для гэтага ёсць санітарны дзень – чацвер, калі можна выязджаць у вёскі і паступова наводзіць там парадак”, – падкрэсліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч.
Пустыя хаты і трухлявыя гаспадарчыя пабудовы дапамагалі разбіраць работнікі РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, філіяла “Докшыцыводаканал”, РАНС, Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Абкошваннем земляў агульнага карыстання займаліся Докшыцкі хлебазавод, раённы ўчастак Глыбоцкага аддзялення філіяла “Энергазбыт”, ПМС, Вітуніцкае і Бярозкаўскае лясніцтвы, мясцовая школа, бібліятэка.
Сельвыканкам разам з камунальнай і дарожнай службамі праводзяць маніторынг стану вуліц у населеных пунктах. Так, летась работнікі камунгаса адрамантавалі асфальтабетоннае пакрыццё ў Чысцях-Вардамскіх і Кромавічах, а сёлета зрабілі прафіляванне вуліц агульнай працягласцю больш за пяць кіламетраў.
На ўкладцы асфальту працавалі дарожнікі, а менавіта адрамантавалі яго на ўчастках Пруднікі – Бярозкі, Вітунічы – Сасновая, Вітунічы – Навасёлкі-Кемешаўскія, а таксама ў вёсках Асінавік, Дубраўка, Мацееўцы, Чысці-Вардамскія, Вітунічы.
На тэрыторыі сельсавета працягваецца таксама рэканструкцыя электрычных сетак: замяняюцца апоры і правады, што дае магчымасць вяскоўцам падключацца да электраацяплення.