Интервью с врачом-кардиологом Докшицкой ЦРБ Татьяной Климовой

7735-klimova

 

Сённяшняе інтэрв’ю з урачом-кардыёлагам Докшыцкай ЦРБ Таццянай Клімавай тычыцца адной з самых актуальных праблем аховы здароўя – інфаркту міякарда.

– Таццяна Аляксандраўна, як выглядае Докшыччына адносна іншых раёнаў вобласці па захваральнасці на востры інфаркт міякарда?

–  Усе рэгіёны вобласці знаходзяцца прыкладна на адным узроўні па дадзеным паказчыку. Летась у Докшыцкім раёне ён складаў 26,8 на 10 тысяч жыхароў. Аднак у параўнанні з 2022 годам колькасць інфарктаў вырасла з 29 да 46. За першыя тры месяцы гэтага года ўжо здарылася 14 выпадкаў. А наогул за мінулы год у раёне зарэгістравана 6218 захворванняў сістэмы кровазвароту, з іх 2753 выпадкі артэрыяльнай гіпертэнзіі і 82 інсульты.

– Растлумачце чытачам, з-за чаго ўзнікае інфаркт.

–  Прычына – поўная або частковая непраходнасць артэрый, якія сілкуюць сэрца. А парушэнне паступлення крыві можа прывесці да сур’ёзнага пашкоджання ці гібелі сардэчнай мышцы.

– Якія сімптомы ўказваюць на захворванне?

– Як правіла, гэта задышка, павышаны артэрыяльны ціск, пякота або боль у грудзях, які можа распаўсюджвацца на шыю, левую руку, спіну або сківіцу, таксама можа быць млоснасць, боль у жываце. Аднак асноўнае праяўленне – моцны боль у грудной клетцы больш за 15-20 хвілін.

– Што рабіць хвораму падчас прыступу?

– Прыняць таблетку нітрагліцэрыну пад язык і разжаваць 0,5 г аспірыну. Калі не дапамагае, паўтарыць прыём нітрагліцэрыну праз пяць хвілін, а потым пры неабходнасці ў трэці раз праз такі ж час. Калі гэта стэнакардыя, то боль павінен прайсці. У адваротным выпадку трэба неадкладна выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу, таму што інфаркт міякарда можа пагражаць жыццю.

– Асноўныя фактары рызыкі?

– Большасць выпадкаў прыпадае на людзей з ішэмічнай хваробай сэрца. Сярод фактараў рызыкі – высокі ціск і ўзровень халестэрыну, курэнне, лішняя вага, цукровы дыябет, недахоп фізічнай актыўнасці.

– Як дыягнастуюць сардэчны прыступ?

–  Для гэтага праводзяць электракардыяграму, якая можа паказаць яго прыкметы, аналіз крыві і іншыя тэсты: рэнтгенаўскае даследаванне крывяносных сасудаў, УГД і здымкі сэрца.

Лячэнне пачынаюць як мага хутчэй. Пры гэтым выкарыстоўваюцца медыкаменты і хірургічныя працэдуры: каранарнае стэнціраванне, аортакаранарнае шунціраванне, якія маюць на мэце аднавіць праходнасць артэрый.

– Што пажадаеце жыхарам раёна ў мэтах прафілактыкі?

– У першую чаргу весці здаровы лад жыцця – адмовіцца ад шкодных звычак, быць фізічна актыўнымі. У час праходзіць дыспансерызацыю. Збалансавана харчавацца, сачыць за ціскам і ўзроўнем цукру.

– Дзякуй за інтэрв’ю.

Тэкст і фота Ніны КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *