Многодетная семья Чучулиных из Докшиц поделилась своим секретом крепкой семьи
Пазнаёміцца са шматдзетнай сям’ёй Яўгена і Юліі Чучуліных пашчасціла на Рэспубліканскім фестывалі сяброўства і творчасці “Дзве ракі”, дзе яны ўдзельнічалі ў эстафеце “Мы разам!” і сталі яе сярэбранымі прызёрамі. Запомнілася, як дружна змагаліся яны за перамогу, актыўна падтрымлівалі адзін аднаго, нават няўдачы ўспрымалі з усмешкай.
– Мы стараемся заўсёды быць пазітыўнымі, – гаворыць Юлія. – А добры настрой найлепш дапамагае справіцца з любымі цяжкасцямі. Гледзячы на нас, і дзеці вучацца цярпенню, узаемапавазе і дабрыні. Лічым, што гэта і ёсць галоўны сакрэт моцнай сям’і.
У шлюбе сужэнцы Чучуліны ўжо 14 гадоў. Абое яны з Параф’янава. Вучыліся ў адной школе, сустракаліся на дыскатэках. Так звычайнае сяброўства і перарасло ў сапраўднае вялікае каханне, пацвярджэнне якому сёння – трое цудоўных дзетак. Старэйшы, Арсеній, вучыцца ў сёмым класе. Ён першы памочнік у бацькоў. Калі тата і мама на рабоце, і ў кватэры парадак навядзе, і посуд памые, і малодшым брату і сястрычцы з урокамі дапаможа. А яшчэ ў яго абавязках догляд хатніх гадаванцаў, сярод якіх два папугайчыкі і кот з коткай. Трэцякласнік Ілья і першакласніца Паліна таксама вучацца самастойнасці. Усе трое актыўна ўдзельнічаюць у школьных мерапрыемствах. Часам разам з бацькамі, калі тым дазваляе час: Яўген працуе на Беларускай чыгунцы, а Юля – у Беларусбанку. У 2018 годзе Чучуліны з дзяржпадтрымкай пабудавалі ў Докшыцах кватэру.
Выхадныя сям’я любіць праводзіць разам і, калі добрае надвор’е, падарожнічаць па роднай Беларусі. Асабліва насычаным на паездкі бывае лета. Вось і зараз яны чакаюць цёплых дзянькоў і школьных канікулаў, каб адправіцца ў новую вандроўку.