Начальник штаба партизанской бригады «Железняк» Леонид Бирюков
У час Вялікай Айчыннай вайны Бягомль слыў сталіцай партызанскага руху Беларусі. Нездарма ў гонар народных мсціўцаў названы вуліцы гарадскога пасёлка. Адна з іх носіць імя Леаніда Бірукова – начальніка штаба партызанскай брыгады “Жалязняк”.
Леанід Паўлавіч – адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Мінскай вобласці ў гады вайны.
Нарадзіўся 18 лютага 1919 г. ва Украіне ў сяле Нова-Быкава Чарнігаўскай вобласці (па іншых даных – у мястэчку Уваравічы Гомельскай вобласці). Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1941 г.). У 1942 г. – камандзір падраздзялення на Асобым беларускім зборы. У верасні 1942-га накіраваны ў тыл ворага, быў камандзірам арганізатарскай групы. З кастрычніка 1942 г. – начальнік штаба, з 7 чэрвеня 1944-га – выконваючы абавязкі камандзіра партызанскай брыгады “Жалязняк”.
Распрацоўваў планы па правядзенні аперацый па разгроме фашыстаў. Непасрэдна кіраваў баямі і асабіста ўдзельнічаў у іх. Напрыклад, дзякуючы ў тым ліку і яго ўмеламу кіраванню былі разбіты Бярэзінскі, Кальніцкі, Бузянскі і Бягомльскі нямецкія гарнізоны, а таксама чыгуначная станцыя ў Параф’янаве.
Вялікую ўвагу ўдзяляў забеспячэнню партызан зброяй.
З 1944 г. на адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце ў Беларусі, Расіі.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, 8 медалямі. Ганаровы грамадзянін г.п. Бягомль.
Не стала Леаніда Бірукова 1 кастрычніка 1993 г.
Ніна КРУКОВІЧ.