Памяць пра залатухаўцаў

img_5740

 

Нашчадкі жыхароў спаленай фашыстамі 20 сакавіка 1943 года вёскі Залатухі Параф’янаўскага сельсавета аднаўляюць гісторыю трагедыі.

Даследаванні латыша

Галоўны ініцыятар гэтай дзейнасці – рыжанін
Генадзь Адамовіч, бацькі якога паходзяць з Вілейшчыны, сваяк Марыі Локцік (Надольскай), якая выжыла пры пажары, але страціла мужа і дзяцей. У верасні мінулага года ў “Родных вытоках” былі надрукаваны вытрымкі з артыкула Генадзя Валянцінавіча пра Залатухі. З таго часу аўтар інтэнсіўна працаваў у архівах, наладзіў сувязь з многімі сваякамі загінулых і занатаваў іх успаміны. На днях ён даслаў чарговы ліст у рэдакцыю.

“Прайшло ўжо больш за паўгода з дня нашай апошняй перапіскі, – звяртаецца да журналістаў Генадзь Адамовіч. – Дзякуй вам за дапамогу і падтрымку ў пошуку людзей, якія маюць дачыненне да вёскі Залатухі. Разам са сваімі новымі сябрамі я значна прасунуўся ў вывучэнні гістарычнага мінулага”.

 

Новыя факты

Латыш з беларускімі каранямі знайшоў сваякоў сем’яў Міхновіч, Мілько, Шылько, Клемантовіч, Локцік, Буйко і Друшч, якія загінулі ў Залатухах. Разам яны змаглі зацікавіць спецыялістаў па архіўных запісах касцёлаў. Такім складам аднавілі прозвішча, імя, імя па бацьку загінулага, які не ўвайшоў у афіцыйныя спісы, вызначылі чалавека, запісанага двойчы, размеркавалі ўсіх па сем’ях, выправілі няправільна ўказаныя імёны па бацьку і даты нараджэння.

“Яшчэ шмат чаго неабходна зрабіць, – зазначае Генадзь Валянцінавіч. – Нам не ўдалося ўстанавіць некалькі імён па бацьку, некаторых загінулых не можам прывязаць ні да адной з сем’яў і растлумачыць іх знаходжанне ў той дзень у Залатухах. Трэба яшчэ працаваць у архівах. Занадта шмат часу прайшло, таму няма ўжо жывых сведак, і цяжка здабыць дадатковую інфармацыю, але ў цэлым мы задаволены вынікамі”.

 

Падлеткаў выкінулі з агню

Адначасова даследчыкі цікавіліся лёсам людзей, якія выжылі падчас фашысцкай расправы. Адкрыліся звесткі, нідзе раней не апісаныя.

“Перш з вашых публікацый і са слоў Марыі Локцік мне было вядома пра двух чалавек, якія выратаваліся з агню, – расказвае Генадзь Валянцінавіч. – Акрамя Марыі, выжыў Адам Міхновіч, які таксама атрымаў апёкі, выпаўз з пуні і ў час “дастрэлу” прыкінуўся мёртвым. Абое пасля вайны прадоўжылі жыць у роднай вёсцы. Былі яшчэ двое, якія таксама ўратаваліся, але ў Залатухі больш не вярнуліся. Гэта дзеці: дванаццацігадовы Адам Буйко і яго суседка, імя якой пакуль не вядома. Праз прагарэлую дзірку ў даху хлява нехта з дарослых выкінуў іх вонкі, і падлеткі паспрабавалі ўцячы. Звярніце ўвагу, што людзі, якія гінулі ў агні, не страцілі розуму, не ўпалі ў вар’яцтва, а да апошняга моманту шукалі спосаб выратаваць дзяцей, прычым чужых (бацькі Адама там не было). Непаўналетнія павінны былі расказаць пра ўсё, што там здарылася, іншым. Таму мы проста абавязаны выканаць волю ахвяр нацызму і захаваць памяць пра іх хаця б у выглядзе надпісу на камені”.

 

Выратаванне Адама

Што стала вядома пра падлеткаў, якіх выкінулі з агню?

Адам Буйко нарадзіўся ў 1931 годзе ў вёсцы Аўсянікі. Калі яму споўнілася восем-дзесяць гадоў, сястра Ядзвіга выйшла замуж і пераехала ў Залатухі. На пачатку вайны да яе далучылася ўся сям’я: мама, тата і брат Адам. У Ядзвігі к таму часу ўжо быў малы сын Іван.

У той страшны дзень мама, сястра і пляменнік Адама загінулі.  Але і яны з суседскай дзяўчынкай не змаглі ўцячы ад карнікаў.

Праўда, іх не застрэлілі, як тых, хто вырваўся праз зламаныя дзверы хлява, а злавілі і даставілі ў Параф’янава. Далей быў палон, доўгае і пакутлівае чаканне рашэння фашыстаў. Дзіўна, але ўцекачам далі шанец і адправілі чыгуначным саставам у канцэнтрацыйны лагер на Нямеччыне. У дарозе дарослыя палонныя выдзеўблі дзірку ў падлозе вагона, і Адам на адной са станцый уцёк, а яго сяброўка не рашылася, і больш на радзіме пра яе ніхто не чуў.

Адам дабраўся ў родныя мясціны. Знайшоў бацьку, якога не было дома падчас карнай аперацыі ў Залатухах. Жылі з ім у суседняй вёсцы. Пазней бацьку прызвалі ў армію, і ён знік без вестак на фронце. Адам застаўся зусім адзін. Пасля вайны паехаў у Расію на камсамольскую будоўлю, пазнаёміўся там са сваёй будучай жонкай, ажаніўся, у пары нарадзіліся дзеці.

Туга па радзіме змусіла яго ў 1974 годзе вярнуцца дамоў. Пасяліўся Адам у вёсцы Забегі, якая знаходзіцца ў Мядзельскім раёне непадалёку ад Залатух. У памяць пра сваіх родных мужчына паставіў помнік. Разам з дочкамі пастаянна наведваў месца трагедыі ў Залатухах, дзяліўся ўспамінамі, хоць яму гэта цяжка давалася.

 

Нешчаслівая доля

Не песціла жыццё залатухаўцаў.

Адам Міхновіч, які ў 1943-м быў паранены ў нагу, абгарэў, але выжыў, усё ж праз некалькі гадоў загінуў на пажары сваёй хаты ў Залатухах… Антон Роўда і Юзаф Мілько, якіх падчас нямецкай аблавы не было дома, у 1944 годзе пайшлі ў армію і абодва загінулі на фронце. Амаль страціла розум, паўжыцця жыла практычна на могілках і больш не мела дзяцей яшчэ маладая на момант фашысцкага злачынства Марыя Локцік…

“Такое ўражанне, што Бог разгневаўся на вёску, – разважае Генадзь Валянцінавіч. – Шкада, што некаторыя нашчадкі перасталі даглядаць магілкі загінулых, і гэта несправядліва. Людзі пацярпелі не проста так, а таму, што дапамагалі партызанам, набліжалі Перамогу, ратавалі сябе і Радзіму. І яны заслужваюць помніка з імёнамі і прозвішчамі”.

 

demeshko-025

Тофік Дзямешка,

начальнік раённага аддзела Следчага камітэта, падпалкоўнік юстыцыі:

– Боль беларусаў ад вялікіх страт у час нямецкай акупацыі не сціхае да гэтай пары, бо загінуў кожны трэці. Наша прыярытэтная задача – не дапусціць адраджэння нацызму і паўтарэння злачынстваў супраць чалавецтва. 

У цяперашні час Следчы камітэт разам Генеральнай пракуратурай Беларусі, іншымі дзяржаўнымі органамі праводзіць значную работу ў рамках расследавання крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа. У тым ліку і супрацоўнікі раённага аддзела вывучаюць архіўныя матэрыялы, праводзяць агляды месцаў злачынстваў, допыты пацярпелых і сведак.

На тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты стварылі больш за 260 канцлагераў, дзе, па прыблізных звестках, загінула каля 1,5 млн чалавек. Нацысты правялі больш за 140 буйных карных аперацый, мэтай якіх было знішчэнне партызан, разбурэнне эканомікі краіны, забойства мірнага насельніцтва.

Зараз, калі заходнія неанацысты спрабуюць скасаваць факты аб выніках вайны, важна данесці гістарычную праўду да сусветнай супольнасці і даць  юрыдычную ацэнку ўчыненым злачынствам.

 

img_9630

Пытанне ўшанавання памяці загінулых жыхароў вёскі Залатухі хвалюе і Юзэфу Пруднікаву, якая ў дадзены час жыве ў вёсцы Забегі Мядзельскага раёна. Нядаўна Юзэфа Іосіфаўна пабывала ў рэдакцыі “РВ”.

– Бяда Залатух тычыцца і нашай сям’і, – расказала яна. – У полымі згарэлі родзічы майго таты – усяго пяць чалавек. Гэта родная цёця Агафія Мілько (48 гадоў), яе муж Іван (47 гадоў), іх дачка Вераніка (2 гады), брат Івана Міхаіл (49 гадоў), а таксама родная татава сястра Ірэна Рудзік (18 гадоў). У той час тату было 16 гадоў, і ён расказваў, што людзі пазнавалі сваіх блізкіх па кавалачках адзення, калі гэта было магчыма, а хавалі ноччу, бо баяліся немцаў. Нашы сваякі спачываюць у адной магілцы, і зараз мы, сем пляменнікаў Ірэны, у памяць пра яе і сям’ю Мілько ўстанаўліваем новы помнік.

Я ведала Марыю Локцік, якая пахавала загінулых у пажары дзяцей на сваім агародзе. Яе гору не было канца. Расказвалі, што яе двухгадовая дачка Ванда моцна не абгарэла. Маці, калі знайшла яе сярод астанкаў, пасадзіла малую каля папялішча побач з забітым мужам, як жывую. Вецер развяваў валасы дзяўчынкі, і здалёк здавалася, што яна і сапраўды ажыла. Людзі з суседніх вёсак, якія назіралі гэту карціну здалёк, не стрымлівалі слёз. Жудаснае відовішча.

Могілкі ў Залатухах пастаянна абкошваюцца і трымаюцца ў чысціні, ля помніка заўсёды кветкі, вялікі дзякуй за гэта Параф’янаўскаму сельскаму Савету дэпутатаў. Але згаджуся з Генадзем Адамовічам: варта ўвекавечыць імёны загінулых на агульным помніку.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *