Фото на память или на штраф? Два жителя Бегомльского сельсовета попали в кадр фотоловушки
Патрапілі ў кадр… фотапасткі Бягомльскага лясгаса два жыхары аднайменнага сельсавета падчас самавольнай вырубкі драўніны.
– Самавольная вырубка была выяўлена дзякуючы інфармацыі, якая паступіла з фотапасткі, размешчанай у 69 квартале Бягомльскага лясніцтва, – распавёў карэспандэнту інжынер па ахове і абароне лесу Бягомльскага лясгаса Міхаіл Сураўцаў. – У кадры добра бачны моманты распілоўкі і пагрузкі драўніны ў машыну, выдатна праглядаецца дзяржнумар аўтамабіля, а таксама фігуры двух чалавек. Інцыдэнт адбыўся 27 мая а палове дзясятай гадзіны. Мужчыны цалкам прызналі сваю віну і сплацілі шкоду ў поўным аб’ёме. Дарэчы, зараз вельмі пажаранебяспечны перыяд, а таму ўжо толькі за адно гэта пры знаходжанні ў лесе ў перыяд забароны ці абмежавання на яго наведванне можна патрапіць на ўнушальныя штрафныя санкцыі.
Гэта не адзінкавы выпадак, калі фотапастка стала на абарону ляснога фонду. Амаль 1000 рублёў каштавалі парушальніку 13 дрэў, на якія ён спакусіўся ў эксплуатацыйных лясах. Калі б такое ж правапарушэнне адбылося ў ахоўных лясах, грамадзяніну прыйшлося б заплаціць штраф у два разы большы. Адзначу цікавую рэч: рэакцыя парушальнікаў на работу фотапастак розная. Адны прызнаюцца, што не верылі, што інфармацыя паступае так хутка, другія лічылі, што здымкі будуць няякаснымі і іх ніхто не знойдзе, трэція спадзяваліся, што гэта не сапраўдная камера, а муляж. Пэўныя эпізоды яшчэ ў распрацоўцы, але лясныя “пісьмы шчасця” абавязкова дойдуць да адрасатаў.
– Не трэба думаць, што, калі вы агледзеліся і не ўбачылі ў лесе фотапастку, яе і сапраўды там няма, – дадае ў працяг тэмы галоўны ляснічы ўстановы Сяргей Класоўскі, – устанаўліваюцца фотапасткі патаемна, на вышыні ад трох метраў. Працуюць аўтаномна на акумулятарных батарэях. Прынцып дзеяння такі: пастка абсталявана датчыкам руху, і, як толькі ў поле зроку трапляе аб’ект, які рухаецца, робіцца адно або некалькі фота. Таксама можа зняць кароткае відэа – залежыць ад настройкі. Зрабіўшы здымак, фотапастка аўтаматычна захоўвае яго на флэш-карту і адпраўляе паведамленне на тэлефон назіральніка. На здымку адлюстроўваюцца дата і час фіксацыі. За перыяд работы фотапастак што толькі ні трапляла ў іх кадр! Напрыклад, выяўляліся грамадзяне, якія праводзілі незаконную нарыхтоўку соку, елак пад Новы год, займаліся самавольнымі высечкамі дрэў, забруджвалі бытавымі адходамі тэрыторыю ляснога фонду.
Фотапасткі аказаліся яшчэ і самым эфектыўным спосабам прафілактыкі лясных пажараў.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота прадастаўлена Бягомльскім лясгасам.