Более ста лет трудового стажа на двоих у Надежды и Леонида Бабичей из деревни Березино

dscn4896-s

Надзея і Леанід, фельчар-акушэрка і вадзіцель «хуткай дапамогі» Бярэзінскай участковай бальніцы сястрынскага догляду, — сямейная пара. У сакавіку наступнага года адзначаць 50-годдзе сумеснага жыцця. На дваіх у Надзеі Уладзіміраўны і Леаніда Сцяпанавіча Бабічаў больш за сто гадоў працоўнага стажу. 

І лічба гэта працягвае павялічвацца, бо, маючы за плячыма больш як па сем дзясяткаў гадоў, гэтыя цудоўныя людзі, што і выглядаюць молада, і душой не старэюць, усё яшчэ на сваіх «баявых пастах». Пра сакрэты іх працоўнага даўгалецця, сямейнага шчасця і аптымістычнага светаўспрымання і павялі размову пры сустрэчы.

Бярэзінскі край — месца ўвогуле прыгожае, а тэрыторыя бальніцы ў большай ступені падыходзіць для санаторыя. І як прыемна, што першае станоўчае ўражанне дапоўнілася яшчэ цяплейшымі эмоцыямі ад зносін з абаяльнымі суразмоўцамі.

Надзея, якая нарадзілася і вырасла ў прыгарадзе Оршы, на Докшыччыну прыехала па накіраванні ў далёкім 1972 годзе. Стала працаваць у Слабадскім ФАПе. Прызнаецца, што назаўсёды ў нашым раёне заставацца не збіралася: хацелася ў горад. Але ж нездарма кажуць: хочаш рассмяшыць Бога – раскажы яму пра свае планы. І прыйшло да дзяўчыны каханне ў вобразе дэмабілізаванага салдата Лёні Бабіча. Мусібыць, кучаравы пузаценькі Амур з задавальненнем пацёр рукі, бо і страла, пушчаная ім у бок Леаніда, трапіла-такі ў самае хлапечае сэрца. А далей – вяселле, нараджэнне дачушкі. Галаве сям’і падабалася шафёрская справа – ён актыўна прыняўся ў ёй удасканальвацца, атрымаў усе катэгорыі, хутка заваяваў аўтарытэт і пашану ў саўгасе. Даводзілася шмат ездзіць, і не толькі па Беларусі – за тысячы кіламетраў ад роднага дому. Яго ж Надзейка тым часам прызвычаілася да вясковага жыцця, быту, што і не дзіўна: калі ты шчаслівы ў сям’і, будзеш шчаслівы, напэўна, у любой мясцовасці. Тым больш што ўсё выдатна склалася і на працы: у калектыве Бярэзінскай бальніцы новенькую сустрэлі як родную. Ды і сама Надзея Уладзіміраўна, прыязная, усмешлівая, памяркоўная, з людзьмі сыходзілася лёгка. У яе прафесіі, лічыць, гэта вельмі важна.

– Так і прырасла я душой да гэтых мясцін, людзей, бальніцы, у якой ледзь не паўвека, з 1977 года, працую, – гаворыць жанчына. – Доўгі час была патранажнай медсястрой. Столькі дзетак прайшло праз мае рукі! Памятаю ўсіх, радуюся, калі іх лёсы добра складваюцца. Цяпер, акрамя сваіх непасрэдных фельчарскіх абавязкаў, пасля раптоўнай заўчаснай страты нашага дарагога, любімага ўсімі ўрача Алы Мікалаеўны Сяцко даводзіцца спраўляцца з шэрагам іншых абавязкаў. А яшчэ загадваю аптэчным пунктам. Ездзім з маім Сцяпанавічам на выклікі, дыспансерызацыю праводзім, анкетаванне. Так, насельніцтва ў вёсках стала менш, але ж клопатаў і турбот хапае: урач у нашу бальніцу прыязджае толькі раз на тыдзень. Таму расслабляцца нельга, трэба трымаць сябе ў тонусе. І дачка, і сын кажуць нам: хопіць, пажывіце вы ўжо для сябе, адпачніце. А мы неяк для сябе жыць і не навучыліся. А пойдзем на пенсію, дык, бачна, нам і замены няма. Калі ж работа любімая, у калектыве камфортна, то і цяжкасці лёгка пераадольваюцца, і настрой ёсць. У нашым узросце быць патрэбным – гэта дарагога каштуе.

Леанід Сцяпанавіч прыйшоў працаваць на “хуткую” ў 1990 годзе.

– Кажуць, як гэта разам з жонкай быць 24/7? А я не разумею іншага: як можна надакучыць адно аднаму або стаміцца ад зносін, калі чалавек табе блізкі і дарагі? Мы з Надзеяй паўвека ўжо, лічы, разам, а гады гэтыя, здаецца, як адзін, праляцелі. Яшчэ б столькі – я згодзен! Як, пытаецеся, энергію і бадзёрасць захоўваю? А я ж у нашым прыгожым жаночым калектыве адзіны мужчына – хочаш не хочаш трэба трымацца, – жартуе Сцяпанавіч і заразліва смяецца.

Сапраўды, трэба. Іх жыццё насычанае і напоўненае яркімі фарбамі. Радуюцца дзецям, пяці ўнучкам, спадзяюцца з праўнукам паняньчыцца. Работу сваю любяць. Захапленні маюць – у Надзеі Уладзіміраўны гэта вязанне, шыццё, вырошчванне кветак, у Леаніда Сцяпанавіча спярша былі коні – фанатычна іх любіў, трымаў усё жыццё, А зараз пераключыўся на пчол.
«Жывёла, канешне, драбнейшая, але наравістая, бадзёрыць мяне ў розных месцах ледзь не штодня» , – зноў смяецца.

– Усё ёсць у гэтай цудоўнай пары для шчасця, – падключаецца да размовы медсястра Наталля Іванаўна Гірко. – Толькі здароўя хочацца пажадаць. І разам з намі быць як найдаўжэй.
Не магу не далучыцца да такіх слоў, думаю, многія бярэзінцы – таксама.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *