Фальклорнае свята “Ручнік як лёс” сабрала аднавяскоўцаў у Гарадзішчы

img_9453

І гэты ручнік даматканы, чысцюткі,
Як сэрца матулі, і шчодры, і чуткі.

Фальклорнае свята “Ручнік як лёс” у шосты раз сабрала аднавяскоўцаў каля Гарадзішчанскай сельскай бібліятэкі-клуба, каб аднавіць у памяці старажытныя традыцыі і перадаць іх нашчадкам. 

Своеасаблівымі праваднікамі з мінулага ў наш час можна назваць тканыя і вышываныя ручнікі. Імі, а таксама яркімі маляўнічымі дыванамі была ўпрыгожана імправізаваная сцэна. Яшчэ напачатку мерапрыемства гасцей сустракалі юныя мясцовыя артысты Валерыя Аўсейчык, Іван Падрэз, Антон Наумец, Павел Масевіч і Ксенія Наумец. Гэта ім – прадстаўнікам падрастаючага пакалення гарадзішчанцаў – завешчана берагчы тутэйшую абраднасць.

Сярод ганаровых гасцей свята зямляк, беларускі кампазітар Мар’ян Зелянкевіч, дырэктар Докшыцкай ЦБС Інеса Марчанкава і ксёндз-пробашч Валкалацкай парафіі Алег Півавар.

На правах гаспадара першым слова трымаў старшыня Валкалацкага сельскага Савета дэпутатаў Пётр Кацейка.

– Свята “Ручнік як лёс” з’яўляецца візітнай карткай маляўнічага Гарадзішчанскага краю, – гаварыў Пётр Баляслававіч. – Вялікі дзякуй нашым паважаным работнікам культуры Таццяне Іваноўскай і Раісе Вярцінскай, а таксама іх памочнікам за адраджэнне спадчыны. Такія святы вельмі патрэбныя ў жыцці, бо ў кругавароце спраў павінна быць месца і адпачынку.

img_9363 img_9368 img_9369 img_9387 img_9408 img_9410

Як сімвал гасціннасці – удзельнікам фэсту быў паднесены духмяны каравай, які да свята штогод выпякае Вольга Януковіч. Кожнага частавала хлебам Надзея Наумец.

Тым часам загучаў гімн свята – песня “Ручнікі”, якую напісаў Мар’ян Зелянкевіч. Яе прыгожа і кранальна праспявала Раіса Вярцінская. Прыемным сюрпрызам стаў сумесны музычны нумар фальклорнага гурта “Спадчына” мясцовай бібліятэкі-клуба і Алега Півавара.

Кожны год арганізатары свята ручнікоў не толькі знаёмяць яго гасцей з рукадзеллем гарадзішчанскіх майстрых. Асаблівасць вясковага брэнда – адраджэнне мясцовых абрадаў. На гэты раз тутэйшая носьбітка фальклору Юзэфа Матошка расказала пра “Папрадухі”, а паказаць іх ёй дапамаглі Баляслава Сварцэвіч, Ванда Янкавіч, Валянціна Літвін, Тэрэза Кімстач і, канечне ж, вядучыя мерапрыемства Таццяна Іваноўская і Раіса Вярцінская. Не адставалі ад старэйшых і юныя артысты. Ксенія Наумец да таго ж сыграла на баяне. Таксама фалькларыстам акампаніраваў Мар’ян Зелянкевіч, а напрыканцы свята падарыў бібліятэцы-клубу аўтарскі зборнік “Бацькаўшчына”.

Колькі цудоўных песень, што колісь спявала яшчэ бабуля 81-гадовай Юзэфы Матошка, прагучала! Колькі прыказак прыгадалі! Танцаў і гульняў паказалі. А якія прыгожыя вершы пра родную Беларусь, пра ручнікі прачыталі Марыя Парневіч і Людміла Кацейка!

Святочную праграму працягнуў канцэрт народнага вакальнага ансамбля “Землякі” Параф’янаўскага СДК.

У рамках свята прайшоў раённы конкурс “Смаката з патэльні і чыгунка”, вынікі якога напрыканцы мерапрыемства падвяла Інеса Марчанкава. Яна ж і ўручыла прызёрам і пераможцам дыпломы і падарункі.

Яўгенія ГІЧАНСКАЯ.
Фота аўтара.

img_9423 img_9538 img_9506 img_9496 img_9493 img_9471 img_9461 img_9449 img_9438 img_9429img_9544 img_9620 img_9614 img_9612 img_9607 img_9601 img_9597 img_9589 img_9578 img_9564 img_9547 img_9546

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *