Иван Черняховский — один из самых талантливых молодых полководцев Великой Отечественной войны

Черняховский 1

Іван Чарняхоўскі (1906–1945) – адзін з самых таленавітых маладых палкаводцаў Вялікай Айчыннай вайны, двойчы Герой Савецкага Саюза. Яго імя носяць многія вуліцы населеных пунктаў на постсавецкай прасторы. У тым ліку ў Докшыцах і Крулеўшчыне. 

Іван Данілавіч нарадзіўся ў Уманскім павеце Кіеўскай губерні Расійскай імперыі. У 1931 г. паступіў у Ленінградскую ваенна-тэхнічную акадэмію, затым перавёўся ў маскоўскую Акадэмію механізацыі і матарызацыі, камандны факультэт, які закончыў на выдатна.

У гады вайны быў камандзірам танкавай і стралковай дывізій, камандуючым 60-й арміяй, войскамі Заходняга і 3-га Беларускага франтоў.

Абараняў Ноўгарад, вызваляў Варонеж, Курск, удзельнічаў у Кіеўскай наступальнай аперацыі.

У ходзе Беларускай стратэгічнай аперацыі летам 1944 г. Іван Данілавіч праявіў у поўнай меры талент военачальніка, здольнасць прымаць смелыя, але прадуманыя рашэнні. Пад яго кіраўніцтвам былі вызвалены Віцебск, Мінск, Вільнюс, Каўнас.

13 студзеня 1945 г. узначаліў камандаванне Усходне-Прускай наступальнай аперацыяй.

А 18 лютага 1945 г. непадалёк ад г. Мельзак ва Усходняй Прусіі (цяпер Польшча) быў смяротна паранены. Здарылася гэта ў момант, калі генерал са сваім ад’ютантам ехалі на машыне. На фронце было ціха. Нечакана ззаду
разарваўся снарад, асколак прабіў кузаў аўтамабіля і ўдарыў камандуючаму ў спіну. Па некаторых звестках, Іван Данілавіч, адчуўшы, што паранены, знайшоў у сабе сілы, сам выйшаў з машыны, але, зрабіўшы крок, упаў. Звярнуўшыся да ад’ютанта, сказаў: “Няўжо ўсё? Няўжо я забіты?” Выратаваць генерала не ўдалося.

Іван Чарняхоўскі быў патрабавальным, любіў дысцыпліну, але пры гэтым не зневажаў падначаленых.

“Знаёмячыся з войскамі 60-й арміі, перададзенай нам з Варонежскага фронту, я ўважліва прыглядаўся да генерала Чарняхоўскага, – успамінаў маршал Канстанцін Ракасоўскі. – Гэта быў цудоўны камандуючы. Малады, культурны, жыццярадасны. Дзівосны чалавек! Было бачна, што ў арміі яго вельмі любяць”.

Герой быў пахаваны 20 лютага 1945 г. у Вільнюсе, у 1992 г. прах перапахавалі ў Маскве.

Узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Суворава I ступені, ордэнам Багдана Хмяльніцкага I ступені.

Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *