Молодой доктор Мария Волк возглавляет Бегомльскую районную больницу

img_0581

Амаль пяць гадоў у сістэме аховы здароўя раёна працуе выконваючая абавязкі загадчыка Бягомльскай раённай бальніцы Марыя Волк (на здымку). Час, здавалася б, невялікі, але ў сваю першую працоўную пяцігодку выпускніца лячэбнага факультэта БДМУ паспела зведаць у прафесіі многае.

Першая “пяцігодка”

Спачатку была інтэрнатура на базе тэрапеўтычнага аддзялення і спагадлівае ад пацыентаў: “Доктар Маша”. Не паспела малады спецыяліст пераадолець першую прыступку ў прафесію, як наступілі трывожныя кавідныя часы. І дыстанцыя паміж “доктарам Машай” і “Марыяй Чаславаўнай” знікла поўнасцю. Малады доктар ужо зараз прызнаецца, як страшна рабілася ўсім: і пацыентам, і персаналу, хаця паказаць гэтага апошнім, зразумела, было нельга. Той перыяд для медыкаў нашага раёна, якія ў ліку адных з першых у рэспубліцы прынялі кавідную навалу, можна было параўнаць з ваенным часам. Аднак, як прагназавалася, вірусная нагрузка пакрысе слабела, а перспектыўнага, чулага, адказнага доктара чакаў чарговы іспыт – пасада раённага тэрапеўта, адкуль раз за разам трапляла на падмену ў тэрапеўтычнае аддзяленне, а таксама ў Крулеўшчыну і Бягомль.

Дарэчы, менавіта Бягомльскую бальніцу Марыі Чаславаўне давялося ўзначаліць у снежні 2022 года, калі кіраўніцтвам была пастаўлена такая задача. Ну а раз трэба значыць трэба.

Прынялі як дачку

Тут неабходна зрабіць зноску, каб абазначыць, што задача гэта і сапраўды сур’ёзная. У зоне абслугоўвання – больш за 4400 чалавек. Населеных пунктаў пад чатыры дзясяткі, шмат дзяцей, плюс вялікая колькасць дачнікаў у летні перыяд і наяўнасць ажыўленай транзітнай трасы. Па факце зараз у бальніцы чатыры доктары: Марыя Чаславаўна, што і за кіраўніка, і на прыёме, і на ўчастках, Святлана Ільінічна Чыграй – у тэрапеўтычным аддзяленні, Аляксандр Уладзіміравіч Мыцько, які адказвае за маленькіх пацыентаў, і стаматолаг Наталія Аляксандраўна Азёмка. Ёсць вялікая неабходнасць яшчэ ў адным урачы агульнай практыкі, і ў бальніцы вельмі чакаюць канца лета, калі ў раён прыедуць новыя маладыя спецыялісты-медыкі. Не поўны, як і па галіне ў цэлым, камплект і медыцынскіх сясцёр.

Адным словам, участак сапраўды не з лёгкіх, але трэба ведаць характар Марыі Чаславаўны, якая, нягледзячы на знешнюю мяккасць і вялікую ступень эмпатыі да людзей, не прывыкла пасаваць перад цяжкасцямі і ўмее кантактаваць з абсалютна рознымі людзьмі.

– Гэта ў мяне з дзяцінства, – усміхаецца малады доктар, калі заўважаю пра тое, што яна пакідае ўражанне чалавека адкрытага і прыязнага. – Я з невялікай вёсачкі ў Пастаўскім раёне. У дзіцячы сад хадзіць не давялося, бо мама і тата, як заведзена, шмат працавалі, а я гадавалася, як і большасць аднагодкаў, побач з бацькамі, бабуляй і дзядулем. А яшчэ ўсё дзяцінства “лячыла” дзядулю рознакаляровым дражэ ад усіх на свеце хвароб. Гульня, здавалася б, а аказалася, што будучая прафесія. Матуля заўжды мяне вучыла, што не важна, якія ў цябе адзнакі і што маеш, галоўнае – быць добрым чалавекам, які не асуджае, а разумее іншых. Хадзіла хвосцікам за дарослымі то на працу, то проста побач, вучылася размаўляць з рознымі па ўзросце і сацыяльным статусе людзьмі.

Гэта акалічнасць, дарэчы, дапамагла потым Марыі ў школе. Стараста класа, актывістка і выдатніца, без праблем магла пераўвасобіцца ў любога адмоўнага персанажа для школьнага спектакля, не баялася быць камічнай, каб парадаваць гледачоў. І зараз лёгка сыходзіцца з людзьмі.

Суразмоўца прыгадвае сваю самую першую пацыентку, якой на прыёме прыйшлося аддаць цэлую гадзіну. З бабуляй потым пасябравалі, і яна хадзіла да Чаславаўны, як да асабістага ўрача. Ды такіх прыкладаў шмат.

Спагадлівы доктар выдатна прыжылася на новым месцы працы:

– Мне пашчасціла з калектывам. Вопытная і кемлівая старшая медсястра Алена Міхайлаўна Анісовіч – першы дарадца і памочнік. Большасць медыцынскага персаналу – прадстаўнікі старэйшага пакалення, а таму апякуюцца нада мной, як над дачушкай, за што ім вялікі дзякуй. Зноў жа ў Бягомлі выдзелілі жыллё – галава не баліць і па кватэрным пытанні.

Пра імклівасць і еднасць

Напрыканцы размовы пытаюся ў Марыі Чаславаўны, у чым яе аддушына пры такой вялікай працоўнай нагрузцы. Малады доктар адказвае:

– У мяне, так бы мовіць, лёгкі на пад’ём характар. Да таго ж вельмі люблю вадзіць машыну і хаця б на некалькі вольных гадзін магу адправіцца ў падарожжа па любімай Беларусі: сузіраць наваколле, піць любімую каву, адпачываць душой… Люблю чытаць, а яшчэ зноў і зноў вяртацца на Пастаўшчыну ў бацькоўскую хату, якую будавалі яшчэ прадзеды. Яна ў нас 1927 года! Кожны год 15 ліпеня, калі ў нашай мясцовасці адзначаюць духоўнае свята, у бацькоў збіраюцца ўсе родзічы, і няма для мяне большай радасці, чым адчуваць гэту незвычайную еднасць з сям’ёй.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *