К новому отопительному сезону готовятся в Докшицком районе

img_9661-s

Рамонтам абмуроўкі катла на кацельні “РАПТ”, што ў раёне былой сельгастэхнікі, займаюцца машыністы камунальнай службы Сяргей Грыгарук і Станіслаў Гамановіч.

Падрыхтоўка да новага ацяпляльнага сезона ў самым разгары. Спецыялістамі былі запланаваны арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, выкананне якіх дазволіць забяспечыць устойлівае і бесперабойнае функцыянаванне ацяпляльнага абсталявання. Як гэты працэс арганізаваны ў нашым раёне, расказаў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Карчэўскі.

img_8674– Вядома, што асноўным пастаўшчыком цеплавой энергіі ў раёне з’яўляецца РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, – адзначыў Сяргей Элефторавіч. – Мінулы ацяпляльны перыяд прайшоў у штатным рэжыме, без збояў у забеспячэнні цяплом і гарачай вадой. Зараз камунальнікі актыўна рыхтуюцца да новага.

На балансе прадпрыемства знаходзіцца 15 кацельняў. У асноўным яны працуюць на мясцовых відах паліва, і толькі дзве – камбінаваныя, адна выкарыстоўвае прыродны газ. Летась закрылі кацельню “Гняздзілава” па прычыне аптымізацыі ўстановы адукацыі.

Для таго каб падрыхтаваць цеплавую гаспадарку да зімы, на некаторых кацельнях рамантуюць катлы, ачышчаюць іх ад сажы і нагару. Прамываюць цеплаабменнікі. У наступным годзе камунгасам запланавана рэканструкцыя кацельні “Бягомль-Бальніца”. Там установяць тры новыя катлы, якія будуць працаваць на дранцы з механізаванай падачай паліва. А пакуль рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя, на якую выдзелена 150 тысяч рублёў. Распрацаваць яе плануецца да канца года.

– Сяргей Элефторавіч, нарыхтоўка паліва таксама адна з важнейшых задач для работнікаў камунальнай службы…

– Паралельна з рамонтнымі работамі ідзе нарыхтоўка паліва – драўніны і дранкі. У канцы мая іх запас складаў 623 і 803 кубічныя метры адпаведна. Дарэчы, доля мясцовых відаў паліва па прадпрыемстве за мінулы год склала практычна 97 працэнтаў. За студзень – сакавік бягучага года – 94,4 працэнта.

– Якія работы вядуцца на цеплавых сетках?

– На балансе камунгаса знаходзіцца 56,4 кіламетра цеплавых сетак. Трубы стапрацэнтна заменены на перадізаляваныя. За мінулы год цеплавыя страты склалі 8,8 працэнта пры заданні, даведзеным галоўным упраўленнем ЖКГ Віцебскага аблвыканкама, 9,4 працэнта. Да пачатку ацяпляльнага сезона работнікі прадпрыемства зробяць прамыўку і гідраўлічныя іспыты ўсіх цеплавых сетак, заменяць запорную арматуру, а таксама правядуць рэвізію калодзежаў і цеплавых камер.

– На абслугоўванні камунгаса знаходзіцца жылы фонд. У якіх шматкватэрных дамах сёлета запланавана правесці рамонт?

– У 2024 годзе даведзена заданне пасля капітальнага рамонту ўвесці ў эксплуатацыю агульную плошчу жылых памяшканняў 2,7 тысячы квадратных метраў. У графік уключаны тры дамы: на вуліцы Чарняхоўскага, 91А у Докшыцах, на Палявога, 8/3 у Крулеўшчыне і на Інтэрнацыянальнай, 2 у Барсуках.

Акрамя гэтага, у першым паўгоддзі плануецца адрамантаваць дах на васьмі шматпавярховіках, у тым ліку ў Докшыцах на вуліцы К. Маркса, 32, на Маякоўскага, 74 і на Чарняхоўскага, 1. Працягваецца таксама рамонт пад’ездаў, і гэту работу неабходна актывізаваць.

Графік афармлення пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і цеплакрыніц да работы ў асенне-зімовы перыяд даведзены ўсім суб’ектам гаспадарання. Тэрмін рэгістрацыі іх у органах энергагазнагляду – да 30 жніўня.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *