Сельхозпредприятия Докшицкого района активно ведут заготовку кормов
Гэтымі чэрвеньскімі днямі на палетках раёна разгарнулася адна з найбольш важных і працяглых кампаній – нарыхтоўка травяністых кармоў для буйной рагатай жывёлы. Згодна з планам, для грамадскага статка на зімоўку гаспадаркам трэба назапасіць 83 200 тон сенажу, 94 000 – сіласу, 3600 – сена. Травы першым укосам неабходна ўбраць з 11 650 гектараў. На 11 чэрвеня скошана 47,2 працэнта ад запланаваных плошчаў.
Высокі тэмп корманарыхтоўкі трымае адна з самых буйных гаспадарак раёна – ААТ “Таргуны”. Тут ужо скошана 70,4 працэнта плошчаў.
На полі каля вёскі Хмялёўшчына працаваў кормаўборачны камбайн Ягуар-870, за штурвалам якога знаходзіўся Вячаслаў Аніковіч. Зялёная маса сыпалася ў прычэп энерганасычанага МТЗ-3022, што плыў паралельна. Ім кіраваў Аляксандр Касцюковіч. Пад’ехаў і чакаў сваёй чаргі на загрузку Васіль Юхнавец на магутным Fendt 1050.
З-за пагорка, пакідаючы пасля сябе цёмныя палосы скошанай травы, паказаўся яшчэ адзін трактар. Ён добра выдзяляўся на зялёным полі жоўта-чырвонай афарбоўкай прычапнога абсталявання. Гэта Сяргей Пецько на касілцы з 10-метровым захопам “складаў” траву ў валкі. Хуткасць выканання работы ўразіла. Праўда, толькі нас.
– За дзень можна скасіць каля 60 гектараў, – звыкла кажа механізатар, – многае залежыць ад зямлі. Калі шмат камення, прыходзіцца ехаць марудней, прыпадымаць абсталяванне, каб не пашкодзіць яго. Тут, на тарфяніках, такіх перашкод амаль што няма.
З поля зялёную масу механізатары перавозілі на МТФ “Несцераўшчына”, дзе закладвалася сянажная траншэя. Аляксандр Аксючыц разгружаў прычэп свайго Fendt 1050, а Мікалай Хадасевіч на Амкадоры трамбаваў зялёную масу. Акуратна, з веданнем справы, ён падсоўваў траву, размяркоўваў яе тонкім слоем.
– Якасць трамбоўкі вельмі важная ў захаванні кармоў, – каменціруе тым часам аграном Уладзіслаў Сямёнаў, які сочыць за тэхналогіяй, адзначае колькасць прывезенай масы. – Каб зрабіць гэта як след, неабходна пастаянна кантраляваць выкананне параметраў тэмпературы і вільготнасці. З поля “зялёнка” прыязджае здробненая, да 3–5 см даўжынёй, апрацаваная кансервантам. За дзень атрымліваецца закласці дзесьці каля 500–700 тон. Гэта траншэя разлічана на 2250 тон, сёння плануем яе закрыць.
Аграрыі ўзгадваюць мінулы засушлівы год, які дабавіў клопату і турбот, і радуюцца, што сёлета няма праблем з травой. Пры добрым раскладзе атрымаецца зрабіць і другі ўкос і як належыць забяспечыць статак кармамі.
Наталля ВАСЬКО.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.