С 1 июля пенсии и пособия будут выплачиваться через банки

2024-02-09-10-37-40

Падрабязней пра тое, якія чакаюцца навацыі, расказвае начальнік аддзела пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Камінская.

– У канцы 2023 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь №318-З “Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплат”. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У ім гаворыцца, што з 1 ліпеня 2024 года пачне працаваць новы механізм выплаты пенсій і дапамог. У прыватнасці, грамадзянам, якія пражываюць у горадзе Мінску, гарадах абласнога падпарадкавання або населеных пунктах, якія з’яўляюцца адміністрацыйнымі цэнтрамі раёнаў, пенсіі і дапамогі будуць выплачвацца праз банкі. Звярну ўвагу, што ў нашым раёне навацыя закране толькі жыхароў горада Докшыцы, якім не споўнілася 70 гадоў і якія не з’яўляюцца інвалідамі I і II групы. Інваліды ІІІ групы трапляюць пад новаўвядзенне. Па райцэнтры пенсіянераў дадзенай катэгорыі, якія атрымліваюць пенсію ў аддзяленні сувязі, каля 200 чалавек. Усім ім мы накіравалі лісты з інфармацыяй пра змену заканадаўства. Нагадаю яшчэ раз, што грамадзяне, старэйшыя за 70 гадоў, інваліды I і II групы могуць выбіраць спосаб выплаты: праз пошту ці банк, незалежна ад месца жыхарства.

Аналагічныя ўмовы створаны па дзіцячых дапамогах для інвалідаў І і ІІ групы, для сем’яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама для грамадзян, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Пенсіі з выпадку страты карміцеля дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, з 1 ліпеня будуць выплачвацца праз банкі на іх асабістыя рахункі, а іншым дзецям – іх законным прадстаўнікам. Апроч усяго іншага, як і раней, на пошце змогуць атрымліваць пенсію асобы, якія не маюць пашпарта па рэлігійных перакананнях.

Для атрымання пенсій або дапамог у банку неабходна адкрыць базавы рахунак у выбранай установе і адначасова запоўніць заяву аб пералічэнні туды пенсіі (дапамогі). Ёсць некалькі варыянтаў атрымання грашовых сродкаў: наяўнымі ў касе або на банкаўскую карту. Атрымаць грашовыя сродкі можна будзе ў наступных банках: “Белаграпрамбанк”, “Беларусбанк”, “Белзнешэканомбанк”, “Белгазпрамбанк”, “Белінвестбанк”, “Банк “Дабрабыт”, “Прыёрбанк” і “Збер Банк”.

На дом пенсіі і дапамогі вяскоўцам працягне дастаўляць нацыянальны аператар паштовай сувязі – “Белпошта”.

Паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, новаўвядзенні звязаны з тым, што з бюджэту ФСАН на дастаўку пенсій дадому і праз паштовыя аддзяленні накіроўваюцца значныя сродкі. У той час як у банку паслуга прадастаўляецца бясплатна. Акрамя таго, прыкладна 70 працэнтаў беларусаў ужо атрымліваюць пенсіі праз крэдытна-фінансавыя ўстановы. Таксама ёсць статыстыка, згодна з якой жыхары краіны ўсё часцей выкарыстоўваюць у паўсядзённых разліках банкаўскія карты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *