В юридической консультации Докшицкого района помогут найти решение вопроса
26 чэрвеня – Дзень стварэння адвакатуры Рэспублікі Беларусь
Розныя жыццёвыя сітуацыі прымушаюць людзей звяртацца па дапамогу да адваката. Маёмасныя спрэчкі, пытанні працоўнага і фінансавага характару і іншыя… Часам толькі спецыяліст можа разабрацца з галаваломкай, якую падкінула жыцццё, і падказаць выйсце. Адвакат расставіць прававыя акцэнты, а калі ўзнікне неабходнасць, будзе абараняць інтарэсы грамадзяніна ў судзе.
Амаль 25 гадоў праводзіць кансультацыі, тлумачыць юрыдычныя пытанні, дапамагае ў складанні дакументаў прававога характару, а таксама прадстаўляе інтарэсы кліентаў загадчыца юрыдычнай кансультацыі Докшыцкага раёна адвакат Святлана Шышла. Кампетэнтны і вопытны спецыяліст, неабыякавы да чужой бяды чалавек, Святлана Мікалаеўна даўно займела аўтарытэт не толькі сярод жыхароў раёна: да прафесіянала звяртаюцца з усёй краіны.
– У буйных гарадах адвакаты могуць мець канкрэтную спецыялізацыю: разглядаць, напрыклад, толькі грамадзянскія, адміністрацыйныя ці крымінальныя справы. Работа ў раёне, дзе людзі звяртаюцца па дапамогу ў розных галінах права, прымушае арыентавацца ў кожнай, а гэта толькі на карысць для падтрымання прафесійнай формы. Галоўнае – абараніць інтарэсы чалавека, – кажа адвакат.
У мінулым годзе, напрыклад, у вытворчасці было 137 спраў. З іх 109 – крымінальныя. “Па дзвюх вынесены апраўдальныя прыгаворы,” – не без радасці зазначае Святлана Мікалаеўна. Сапраўды, для адваката, мэта якога даказаць невінаватасць або дабіцца змякчэння прысуду, гэта падстава для гонару. Акрамя вядзення спраў, адвакат Шышла дапамагае складаць іскавыя заявы ў суд. Дарэчы, летась усе 60 трэбаванняў былі задаволены. Таксама неад’емнай часткай адвакацкай дзейнасці з’яўляецца правядзенне кансультацый. Іх у мінулым годзе было 173. А каб юрыдычная дапамога была даступнай для ўсіх, вызначаны дні правядзення бясплатных кансультацый для малазабяспечаных грамадзян. Даты прымеркаваны да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Дня Перамогі, Дня стварэння адвакатуры Беларусі, Дня юрыста, Дня пажылых людзей. Акрамя гэтага, малазабяспечаныя грамадзяне могуць заўсёды атрымаць юрыдычную дапамогу, калі яны па яе звернуцца. Дарэчы, у артыкуле 28 Закона “Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці Рэспублікі Беларусь” пералічаны выпадкі, у якіх адвакат аказвае бясплатную юрыдычную дапамогу.
Ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прыгаворам суда, які ўступіў у законную сілу. Той, каго абвінавачваюць, не павінен даказваць сваю невінаватасць. Артыкул 26 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Ніхто не павінен прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх і родных. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы. Артыкул 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Па назіраннях Святланы Шышла, зараз людзі сталі часцей звяртацца па юрыдычную дапамогу. Шкада толькі, што яны робяць гэта незаўсёды своечасова, калі праблему можна папярэдзіць або вырашыць на раннім этапе.
– У зносінах з кліентамі прытрымліваюся пазіцыі шчырасці і адкрытасці, – заўважае Святлана Мікалаеўна, – бо толькі так можна заваяваць давер чалавека. Калі яшчэ падчас знаёмства са справай бачу, што пазіцыя магчымага кліента пройгрышная, не буду крывіць душой і абяцаць штосьці, а растлумачу яму з пункта гледжання закона чаму гэта так. Людзі, зразумела, па-рознаму ўспрымаюць такія адказы, але лепш з самага пачатку ўсё раскласці па палічках.
Трэба імкнуцца быць юрыдычна граматным, цікавіцца і ведаць свае правы, лічыць адвакат. Гэта дапаможа пазбегнуць складаных сітуацый.
Карыстаючыся выпадкам, віншую з прафесійным святам калег-адвакатаў і супрацоўнікаў пракуратуры. Жадаю моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту, поспехаў у нялёгкай працы па абароне правоў грамадзян і закона.
Наталля ВАСЬКО.
Фота аўтара.