День Ситцевского сельсовета начался с приема граждан
У раёне працягваецца практыка правядзення дня сельсавета. На гэтым тыдні ён прайшоў на тэрыторыі Сітцаўскага, у склад якога ўваходзіць 17 населеных пунктаў. Як заўсёды, дзень пачаўся з прыёмаў грамадзян.
У Сітцах зварот жыхара аграгарадка выслухаў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала. Мужчына расказаў, што жыве ў ведамасным доме, які знаходзіцца на балансе РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Нядаўна здарылася непрыемнасць: у доме прарвала трубу і жыллё падтапіла. Вядома, зараз патрабуецца рамонт, з якім, лічыць заяўнік, павінны дапамагчы камунальнікі. У пытанні, хто на самай справе павінен зрабіць рамонт – сам гаспадар альбо ўласнік, кіраўнік раёна даручыў разабрацца службовым асобам, якія курыруюць камунальную галіну.
У вёсцы Параф’янава (у памяшканні крамы), дзе прыём праводзіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, свае пытанні і праблемы агучылі некалькі чалавек. Адны дзякавалі за заасфальтаваны пад’езд да могілак, іншыя прасілі арганізаваць, напрыклад, у райцэнтры, ва ўнівермагу, работу секцыі па продажы беларускага трыкатажу. Некаторыя паскардзіліся на адсутнасць у мясцовай краме хлеба-“кірпічыка”.
Істотнае пытанне, на погляд старшыні райвыканкама, паступіла ад жыхароў вёскі Рапяхі. Яны паведамілі, што многія вадзіцелі, едучы праз населены пункт, не збаўляюць высокую хуткасць. Таму прасілі абмежаваць яе з дапамогай знака альбо прыняць іншыя меры. Таксама жыхары Рапяхоў пажадалі, каб на вуліцы Баравой зрабілі падсыпку.
У Курдзеках вяскоўцы спадзяюцца, што ў іх населеным пункце будзе абуладкаваны прыпыначны павільён, дзе ў непагадзь альбо ў спякоту зручна было б чакаць транспарт. На жаль, такую выгоду дарожнікі пакуль паабяцаць не могуць. Як варыянт – мясцоваму сельвыканкаму разам з іншымі службамі можна ўстанавіць, скажам, альтанку.
У вёсцы Макаравічы хвалююцца за святое месца – тое, дзе ўстаноўлены крыж. Там неабходна зрабіць падсыпку дарогі. А яшчэ макаравічане прасілі пакласці асфальт працягласцю кіламетр да могілак у вёсцы Кіякова.
Усе гэтыя просьбы і прапановы, а таксама праблемныя пытанні, звязаныя з водазабеспячэннем у такіх населеных пунктах, як Дзядкі і Заборцы, былі выслуханы. На адны звароты адказы знайшліся адразу, іншыя будуць больш дасканала вывучаны, прааналізаваны, узяты на кантроль.
На пасяджэнні была заслухана справаздача старшыні Сітцаўскага сельскага Савета дэпутатаў Наталлі Каляда, якая расказала, як рашаюцца пытанні жыццядзейнасці насельніцтва сельсавета, што робіцца ў плане навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання.
– На тэрыторыі сельсавета налічваецца 825 домаўладанняў, з якіх 373 – жылыя, 107 выкарыстоўваюцца для сезоннага пражывання, – паведаміла Наталля Мечыславаўна. – Сельвыканкамам, старэйшынамі вёсак, участковым інспектарам праводзіцца пэўная работа для падтрымання парадку на асабістых падворках. З пачатку года за парушэнне Правіл па добраўпарадкаванні грамадзянам выдадзена 30 прадпісанняў, выканана 27.
Важкую дапамогу ў навядзенні парадку на зямлі аказваюць шэфы. Напрыклад, у Сітцах работнікі камунгаса, ДП “АграСітцы” добраўпарадкавалі парк і вадаём, абкасілі каля пустых хат. Праведзена грэйдзіраванне вуліц, зроблены ямачны рамонт Аэрадромнай, Маладзёжнай, Школьнай. Заасфальтавана тры кіламетры вуліцы Цэнтральнай.
У вёсцы Пліскі разабрана трухлявая гаспадарчая пабудова, а ў Вайтовічах і Парэччы – старыя хаты. У іншых вёсках праводзілася абкошванне
зямель агульнага карыстання.
Старшыня райвыканкама Сяргей Абірала: – На тэрыторыі сельсавета зроблена шмат. Бачна, што мясцовая ўлада працуе з насельніцтвам. Разам з тым да гэтай работы неабходна актыўней падключацца ўсім арганізацыям і прадпрыемствам. Асноўная ўвага – цэнтральным вёскам сельсаветаў, аграгарадкам, там, дзе ёсць інфраструктура. Яе трэба развіваць, ствараць умовы для жыцця людзей.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.