Праздник сбора урожая «День огурца» отшумел в агрогородке Волколаты
Свята збору летняга ўраджаю “Дзень агурка” прайшло ў нядзелю ў аграгарадку Валкалаты.
Калі з раніцы пачаў сыпаць дробны дождж, а затым усё больш і больш набіраць сілу, валкалатцы заперажывалі: якое ж свята атрымаецца, калі для яго павінны быць прастор і размах? Што ж, трэба канстатаваць, прастору з-за пагодных умоў сапраўды не было. Сталы са стравамі агурковымі і не толькі, якія руплівыя, старанныя і творчыя месцічы ў гэтым годзе зрабілі яшчэ больш шыкоўнымі, прыгожымі і багатымі, мусілі размясціць у фае Дома культуры, а святочнае дзеянне перанесці часткова на сцэну, часткова ў танцавальную залу.
Прастору не было, так, а вось размах – быў! Свята доўжылася тры гадзіны, і гэта не лічачы дыскатэкі. І хоць каля пляцовак-сталоў ДП “АграСітцы”, суполкі пенсіянераў, аб’яднання сацработнікаў, Валкалацкага сельвыканкама і паштовага аддзялення, бальніцы сястрынскага догляду, Валкалацкай сельскай бібліятэкі і Гарадзішчанскай бібліятэкі-клуба не тое што яблыку не было дзе ўпасці, але і агурку прарасці, тым не менш гледачы і апладзіравалі, і падпявалі мясцовым актывістам. А якія цудоўныя прэзентацыі сваіх вырабаў яны падрыхтавалі! І вершы склалі, і прыпеўкі, і жартавалі, і назвы стравам арыгінальныя папрыдумвалі. А ўжо ж смачнае якое ўсё было – не раскажаш, трэба каштаваць. Што і запрашалі зрабіць валкалацкія гаспадары шаноўных гасцей свята – начальніка Докшыцкага ўчастка электрасувязі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” Віктара Шаўцова і дырэктара Цэнтра культуры і народнай творчасці Святлану Вялічка, старшыню Валкалацкага сельскага Савета дэпутатаў Пятра Кацейку і ўсіх прысутных на свяце.
На сцэне таксама дзейства віравала. “Ешце, людзі, агуркі!” – заклікаў у сваёй песні саліст Юрый Кімстач. “Дзе мой агурочак?” – хвалявалася-спявала “нявеста на выданні” Надзея Сіськевіч, хоць ужо і замужам колькі год, і мамай шматдзетнай стаць паспела. Вакальны гурт хлопчыкаў “рэзнуў” “Пасеем агурочкі”, а разам з дзяўчатамі – “Кумачку”. Парадавала новымі прыгожымі песнямі сваіх прыхільнікаў і “Прызбачка”. “Шылькаўскі вальс” уласнага сачынення пранікнёна праспявала Лілія Літвін, а неўтаймоўныя Баляслава Сварцэвіч і Юзэфа Матошка, што летась адпаведна ў 86 і 80 гадоў дэбютавалі як танцоркі, сёлета на біс, нібы маладыя дзяўчаты, адскакалі “Шылькаўскую польку” Юльяна Літвіна. Самым відовішчным стаў песенна-танцавальны нумар “Лысы” у выкананні ўсіх удзельнікаў мастацкай самадзейнасці, як кажуць, ад мала да вяліка. Надзея Шылько прачытала цудоўны жартоўны верш сітцаўскай паэтэсы Марыі Ючкавіч пра тое, як валкалатцы возяць прадаваць на рынак агуркі. А галоўны персанаж свята, ганарлівы Агурок, доўга не мог выбраць сабе дастойную нявесту: і Морква яму была не ў нос, і Цыбуля не падабалася. Урэшце ажаніўся з Салатай. Цікава, якія дзеці ў іх з’явяцца на наступным свяце? У скарбонку добрага настрою гледачоў зрабілі свой унёсак і салісты ГЦК Вятлана Гарбачова і Святлана Гмыза.
У рамках свята, як і летась, прайшоў турнір нацыянальных танцаў.
Шмат цёплых слоў выказаў у адрас землякоў старшыня сельвыканкама Пётр Кацейка. А ўжо ўзнагарод было ўручана! За падарункам і медалём “Карнішон-2024” на руках мамы “выехаў” на сцэну самы малодшы мясцовы жыхар Ромка Аксенце. Вядома ж, не засталіся без увагі галоўныя агурочнікі Валкалацкага краю – сем’і Андрэя і Вольгі Януковічаў і Міхаіла і Марыны Наумцаў, памеры цяпліц у якіх такія, што там і яблыні могуць расці. Дыпломы і падарункі за прыгожае афармленне панадворкаў сёлета атрымалі Аліна і Павел Шылько з вуліцы Цэнтральнай і Валянціна і Міхаіл Янковічы з вуліцы Энергетыкаў. Ну і, канешне, былі адзначаны ўсе таленавітыя кулінары. Свята адшумела, а калейдаскоп яркіх эмоцый у яго ўдзельнікаў застаўся.
Пераможцы і прызёры турніру побытавых танцаў
Катэгорыя да 16 гадоў:
1 месца – Алёна Пашкевіч і Надзея Ясючэня (Гняздзілаўскі СДК); Цімафей Мітрафанаў і Дзіяна Ралавец (Таргуноўскі сельскі клуб-бібліятэка).
2 месца – Яна Бабровіч і Арына Басюкова (Крыпульскі сельскі клуб-бібліятэка); Марыя Наумец і Дзмітрый Януковіч (Валкалацкі СДК).
3 месца – Аліна Анісімава і Юлія Сачына (Бярозаўскі сельскі клуб-бібліятэка).
Катэгорыя 16+:
1 месца – Мікіта Глушкевіч і Алёна Януковіч (Валкалацкі СДК); Раіса Вярцінская і Тэрэса Кімстач (Гарадзішчанская сельская бібліятэка-клуб).
2 месца – Ларыса Каросцік і Жанна Штоль (Сітцаўскі СДК); Ганна Кацейка і Ульяна Янковіч (Гарадзішчанская сельская бібліятэка-клуб).
3 месца – Ірына Штоль і Святлана Каляга (Крыпульскі сельскі клуб-бібліятэка).
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.