Эпоха оживает в доме коллекционера Анатолия Коляды из Докшиц
Анатоля Каляду, калекцыянера з Докшыц, ведаюць многія. Пра яго захапленне пісала раёнка, абласныя і рэспубліканскія выданні. Анатоль Міхайлавіч сабраў толькі гадзіннікаў больш за сотню рарытэтных экспанатаў. А яшчэ радыёлы, транзістары, тэлевізары, швейныя машынкі, прадметы хатняга ўжытку – усяго і не пералічыш. Многія экзэмпляры ў працоўным стане: гадзіннікі адлічваюць час, боем апавяшчаючы пэўны яго адрэзак, грамафоны круцяць пласцінкі, а швейныя машынкі гатовы рабіць шывок за шыўком.
“Калекцыяніраваннем захапіўся, калі мне было гадоў 15, – узгадвае Анатоль Каляда. – Пачынаў з паштовак, запалкавых карабкоў, потым былі манеты. Пасля школы атрымаў спецыяльнасць электраманцёра, працаваў у тэлемайстэрні, потым у РЭСе.”
Яшчэ ў маладосці Анатоль Міхайлавіч захапіўся рамонтам гадзіннікаў. Часцей і часцей узнікала жаданне ажывіць чарговы экзэмпляр, пачуць яго “голас”. У гэтай далікатнай справе выдатна дапамагае ўменне працаваць з дрэвам, што наш суразмоўца пераняў ад дзядулі-разьбяра. А яшчэ Анатоль Каляда можа сам выразаць каркас для аздаблення гадзінніка.
Нядаўна калекцыя старадаўніх рэчаў Анатоля Міхайлавіча папоўнілася яшчэ адным экспанатам. Макет касцёла з запалак пасля рэстаўрацыі заняў сваё пачэснае месца. Па словах гаспадара, ён захоўваўся прабабуляй з 70-ых гадоў мінулага стагоддзя. На кавалку дошкі размясціўся храм з сямю вежамі. На кожнай з іх – макаўка з медным крыжам. Уваход у храм зроблены з люстэрка, а па баках ад яго фантаны з кропельніцы. Па перыметры дошкі – слупочкі з ланцужком. Работа вельмі акуратная і, калі ўлічыць яе ўзрост, досыць якасная. Анатоль Міхайлавіч аднавіў адну з вежаў і ўсе макаўкі. Думаў палічыць колькасць запалак, але не атрымалася: так іх многа.
Прыязны і гаваркі, Анатоль Каляда заўсёды рады бачыць наведвальнікаў у сваім дамашнім музеі. Ён бясконца можа расказваць гісторыі экспанатаў, калі магчыма, некаторыя ўключыць і прадэманстраваць іх работу. З міні-выставай калекцыянер удзельнічае ў мерапрыемствах, што праводзяцца ў раёне.
Наталля ВАСЬКО.
Фота Вячаслава Чарвінскага.