Горячее питание организовано в сельхозпредприятиях Докшицкого района
Духмяны боршч са смятанай, пюрэ з катлетамі і свежай гароднінай, кампот, булачка… І ўсё смачнае, як гаворыцца, з пылу з жару. Так выглядае адзін з абедаў у работнікаў, занятых на ўборачнай, – механізатараў, вадзіцеляў, агранамічнай службы і іншых – у ААТ “Таргуны”. А яшчэ – харчуюцца людзі не стоячы ці прысеўшы дзе-небудзь на мяжы, а за акуратным столікам, які прывозіцца на поле разам з гарачым харчаваннем.
“Толькі настольніка накрухмаленага не хапае і посуду фарфоравага – і тады ўжо зусім як у рэстаране будзе”, – жартуюць механізатары.
Гарачае харчаванне ў час буйных сельскагаспадарчых кампаній, такіх як сяўба, корманарыхтоўка і жніво, арганізавана ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна.
А калі без жартаў, то харчаванне работнікаў ААТ “Таргуны” заўжды на высокім узроўні. Інакш і быць не павінна: каб ударна працаваць практычна ўвесь светлавы дзень, патрэбны немалыя сілы. На сённяшні дзень у сталовай аграгарадка Таргуны гатуюцца абеды і падвячоркі прыкладна для васьмі дзясяткаў чалавек, у гэтым ліку – і працаўнікі ДП “Гняздзілава-Агра”, якое таксама знаходзіцца пад упраўленнем УП “Малочная праўда”.
– Меню цыклічнае, ніводная са страў для абедаў ці падвячоркаў на працягу тыдня не паўтараецца, – гаворыць загадчык сталовай Алена Карніловіч. – Стараемся, каб было смачна, як дома, і маем для прыгатавання паўнацэннага гарачага харчавання ўсе ўмовы.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.