Следователь Докшицкого районного отдела СК Павел Балашко принял участие в параде ко Дню Независимости
Супрацоўнікі Следчага камітэта з усіх рэгіёнаў краіны ўпершыню прынялі ўдзел у ваенным парадзе ў Мінску, які адбыўся трэцяга ліпеня – у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Гонар прадстаўляць Докшыцкі раён выпала і нашаму земляку – следчаму раённага аддзела Следчага камітэта старшаму лейтэнанту юстыцыі Паўлу Балашку.
– У дзяцінстве любіў глядзець парад па тэлебачанні і заўсёды марыў апынуцца на месцы тых, хто маршыруе ў параднай каробцы, – гаворыць Павел. – Таму, калі даведаўся, што мне даверылі такую важную місію, вельмі ўзрадаваўся. Але спачатку былі доўгія трэніроўкі, якія пачаліся яшчэ ў маі. Пяць дзён у тыдзень: кожны дзень па чатыры гадзіны – дзве раніцай і дзве ўвечары. Асабліва запомнілася генеральная рэпетыцыя, якая праходзіла познім вечарам напярэдадні свята, калі ліў моцны дождж.
Падрыхтоўка да ваеннага парада не толькі адказная справа, але яшчэ і фізічна складаная. На пляцы супрацоўнікі Следчага камітэта адпрацоўвалі элементы страявой падрыхтоўкі. Напрыклад, трэніраваліся ў правільнасці пад’ёму нагі. Выносіць яе трэба з адцягнутым наском на вышыню 15-20 сантыметраў ад зямлі і цвёрда ставіць на ўсю ступню. Важна таксама правільна трымаць галаву і рукі, усім разлікам сінхронна выконваць каманды.
Адметнай асаблівасцю святочнага абмундзіравання беларускіх следчых былі светла-шэрыя мундзіры.
– Форма – гэта твар любога афіцэра, – гаворыць Павел. – Таму да яе выгляду падыходзілі з усёй адказнасцю. Рыхтавалі абутак, прасавалі штаны, мундзір. Лічу, што нам удалося прадэманстраваць узровень свайго майстэрства і дастойна прадставіць Следчы камітэт.
Трэба сказаць, што ў час падрыхтоўкі да парада супрацоўнікі Следчага камітэта не вызваляліся ад сваёй асноўнай работы, працягвалі расследаваць крымінальныя справы і праводзіць даследчыя праверкі.
У Дзень Незалежнасці Павел быў узнагароджаны памятным нагрудным знакам “10 гадоў Следчаму камітэту Рэспублікі Беларусь” і юбілейным медалём “80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
Шлях у прафесію
Пасля заканчэння Параф’янаўскай сярэдняй школы Павел Балашка адвучыўся ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, а затым у 2022 годзе быў накіраваны ў Докшыцкі раённы аддзел Следчага камітэта.
– У асноўным, спецыялізуюся на расследаванні злачынстваў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, – гаворыць следчы. – Стараюся, набіраюся вопыту, вучуся ў старэйшых калег, бо прафесія патрабуе хутка мысліць, быць стрэсаўстойлівым, умець прымаць аргументаваныя рашэнні, браць на сябе адказнасць.
У сям’і, дзе выхоўваўся Павел, усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. Старэйшая сястра Вераніка працуе юрысконсультам, сястра Аляксандра (Павел з ёй – двайняты) служыць у райаддзеле міліцыі. Выбар сваіх дзяцей цалкам падтрымлівае мама Ала Станіславаўна і, канечне, ганарыцца імі.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.