Праздник национальной культуры прошел в агрогородке Торгуны
У дзень Святой Троіцы ўсе дарогі вядуць у Таргуны. Менавіта з гэтай нагоды ў аграгарадку штогод ладзіцца свята нацыянальнай культуры “Зберагаем вытокі свае”. Сапраўды, Тумілавіцкаму краю ёсць чым ганарыцца і што берагчы. І ў першую чаргу – гэта яго жыхары – руплівыя вяскоўцы. Вось яны – ідуць традыцыйным шэсцем па цэнтральнай вуліцы да галоўнай пляцоўкі фэсту, дзе ўжо ва ўсю моц гудзе Траецкі кірмаш. Побач з вяскоўцамі ў шэсці паважаныя госці – старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Варанковіч, старшыня Тумілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Хілько, начальнік аддзела культуры райвыканкама Вольга Сушко, настаяцель Тумілавіцкай царквы Святога Георгія Перамоганосца протаіерэй Пётр Іоська.
Абрад кумавання – пацалунак праз бярозавы вяночак – традыцыя свята.
А пакуміўшыся можна і па Траецкім кірмашы прайсціся. Чаго тут толькі няма! Дзівосныя вырабы майстроў з розных куткоў Докшыцкага краю. А ўжо колькі смакаты прыгатавалі гаспадынькі! Усё і не паспрабуеш. Гэта калектывы мясцовых арганізацый і ўстаноў пастараліся, каб паўдзельнічаць у конкурсе “Беларуская хата ўсім багата”. Асабліва прыцягвала мінакоў прыгатаванне яешні, як кажуць, анлайн. Лічыцца, што той, хто ў свята Троіцы пакаштуе гэту страву, цэлы год будзе здаровы, шчаслівы і багаты.
З прывітальным словам да ўсіх звярнулася Валянціна Рандарэвіч, са святам землякоў павіншаваў Пётр Іоська.
Асаблівым радком прыгадалі вядучыя значную для нашай рэспублікі дату – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А Докшыцкі аўтаклуб выканаў некалькі патрыятычных песень.
Успомнілі таргунцы сваіх працавітых землякоў. Усе яны атрымалі падарункі, у іх гонар гучалі апладысменты. Гэта загадчык клуба Валянціна Малюжанец, бібліятэкар Ала Каросцік, фельчар Лілія Новікава, адказныя і добрасумленныя спецыялісты ААТ “Таргуны” Юрый Малюжанец, Людміла Малюжанец, Людміла Дарануца, Ірына Цімафеева, Уладзімір Сайковіч, Наталля Гаўрыловіч, Таццяна Падбярэзская, Наталля Саковіч. Былыя паляводы Аляксандр Карніловіч і Антон Зямніцкі. Хлебароб Мікалай Маскалёнак. Вадзіцелі Генадзій Павялок і Аляксандр Юдзёнак. Аператары машыннага даення Ірына Скурат, Алена Дайлідовіч, Антаніна Васілевіч, Марыя Саковіч. Усё жыццё прысвяцілі нястомнай працы на зямлі Уладзімір Новікаў, Аляксандр Малюжанец, Антаніна Трус, Сяргей Гушчык, Ніна Гатоўка, Лідзія Юдзёнак, Лілія Апанасевіч, Дзям’ян Варанковіч. Іх добрасумленная праца – прыклад для моладзі.
На свяце былі падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу фальклорнай творчасці “З крыніц спрадвечных”. Яго пераможцам стаў калектыў Гняздзілаўскага СДК. Другое месца ў Прудніцкага СДК, трэцяе – Парплішчанскага СДК. Лепшую тэматычную пляцоўку “Беларуская хата ўсім багата” аформіў калектыў Таргуноўскага дзіцячага сада.
Па традыцыі на свяце прыгадалі старажылаў вёскі, сярод якіх 95-гадовая Марыя Каліта, 93-гадовая Яўгенія Маскалёнак і 90-гадовая Руфіна Карніловіч, а таксама самую маленькую жыхарку – Мілану Дранковіч, якая нарадзілася 30 красавіка.
Падарунак атрымала шматдзетная маці Алена Кулага.
Не забыліся і пра сем’і, стаж сумеснага жыцця якіх вымяраецца дзясяткамі. Сярод іх Аляксандр і Таццяна Малюжанцы, якія зарэгістравалі свой шлюб 57 гадоў таму.
Святочны настрой удзельнікаў і гасцей падтрымліваў народны ансамбль народнай песні “Раніца”, юныя вакалісты з мясцовага дзіцячага сада, а таксама ўдзельнікі аб’яднанняў Таргуноўскага клуба-бібліятэкі. Артысты з розных клубных устаноў культуры раёна паказалі лепшыя нумары конкурсу “З крыніц спрадвечных”.
Напрыканцы мерапрыемства са святам землякоў павіншаваў Аляксандр Варанковіч і разам з артыстамі тутэйшага клуба выканаў “Песню пра Таргуны”.
Яўгенія ГІЧАНСКАЯ.
Фота Аляксандра Варанковіча.