Епископ Полоцкий и Глубокский Игнатий принял участие в открытии ХІІI Фестиваля православной молодежи в Докшицком районе
У раёне адбыўся ХІІІ фестываль праваслаўнай моладзі “Пакуль мы маладыя”
Сёлетні фестываль сабраў юнакоў і дзяўчат Садружнасці праваслаўнай моладзі Полацкай епархіі з Глыбокага, Пастаў, Друі, Вілейкі, Ушач, Полацка, Наваполацка і Докшыц – сто дваццаць чалавек, аб’яднаных верай.
Афіцыйнае адкрыццё злёту адбылося каля царквы Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў Крулеўшчыне. На ўрачыстасць завітаў епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. Ганна Трацэўская, Антон Кухта і Валерыя Касарыга сустрэлі Яго Праасвяшчэнства караваем і кветкамі, а таксама паднеслі падарунак – калаж з памятных фотаздымкаў. Уладыка адслужыў малебен перад пачаткам усялякай добрай справы.
У ліку гасцей, якія віталі ўдзельнікаў фестывалю, прысутнічалі старшыня райвыканкама Сяргей Абірала, намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолій Сіўко, старшыня Крулеўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Іваньковіч, дырэктар Крулеўшчынскай сярэдняй школы імя І.П. Ціткова Уладзімір Піскуновіч.
Епіскап Ігнацій у прывітальным слове адзначыў:
– Фестываль – гэта выдатная пляцоўка для зносін, і вы можаце карыстацца ёю напоўніцу. Гэта такая добрая магчымасць бачыць, чуць субяседніка, імкнуцца перадаць свае адчуванні, мець жывую сувязь з іншым чалавекам, а не пры дапамозе смс-паведамленняў ці розных месенджараў – яны не даюць таго, што патрэбна для душы. І тут, на фестывалі, у вас ёсць магчымасць атрымаць асалоду ад рэальных зносін. Менавіта ў асяродку, дзе ўмеюць гаварыць і слухаць, фарміруюцца маральныя каштоўнасці, ствараюцца добрыя сем’і, вырастаюць выдатныя спецыялісты і кіраўнікі. Вашы зносіны, звязаныя верай, хрысціянскімі паняццямі і дабрадзейнасцю, – аснова нашай дзяржавы. Такое імкненне моладзі падтрымліваюць і праваслаўная царква, і свецкая ўлада, аказваюць садзейнічанне ў развіцці фестывальнага руху.
– За трынаццаць гадоў існавання фестываль займеў свае традыцыі, стаў знакавай падзеяй, – звярнуўся да ўдзельнікаў Уладзімір Абірала. – Сёлетні злёт прысвечаны 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Памяць пра тых людзей, якія здабылі свабоду і мір у страшнай вайне, умацоўвае пачуццё патрыятызму, любові да Радзімы, прымушае пераканацца ў непарушнасці хрысціянскіх запаведзяў. Няхай фестываль падорыць вам новыя, карысныя для душы зносіны. Вялікі дзякуй Яго Праасвяшчэнству за трапятлівыя адносіны не толькі да фестывалю, але і да ўсіх мерапрыемстваў, што праходзяць у раёне.
Епіскап Ігнацій, Сяргей Абірала, Антон Кухта і Ганна Трацэўская ўзнялі сцяг, даўшы такім чынам старт фестывалю.
Пасля трапезы юнакі і дзяўчаты сустрэліся з уладыкам. Гутарка атрымалася цёплай і адкрытай. Яго Праасвяшчэнства шчыра адказваў на пытанні, што задавалі маладыя людзі, раіў, дзяліўся меркаваннем.
Наступным пунктам праграмы суботняга дня стала патрыятычнае мерапрыемства. Аматары дэкаратыўна-прыкладной творчасці клеілі з паперы белыя лілеі: у выніку агульнымі намаганнямі атрымаўся шыкоўны букет. Таксама можна было прымераць нялёгкі ахоўны касцюм выратавальніка, пасядзець у пажарным аўтамабілі, а таксама разгледзець яго разнастайнае абсталяванне. Супрацоўнікі РАНС яшчэ раз нагадалі нумары выратавальнай службы і алгарытм паводзін падчас пажару. Пасябравала дзятва з разумным сабакам, які служыць у раённым аддзяленні Дэпартамента аховы. Старэйшыя хлопцы фатаграфаваліся ў міліцэйскай амуніцыі, а таксама збіралі і разбіралі аўтамат на хуткасць. Між іншым, і дзяўчаты прынялі ўдзел у гэтым спаборніцтве.