Начальник Докшицкого РОЧС Виктор Кужель рассказал, как проходят будни спасателей
Сёння работнікі пажарнай службы адзначаюць сваё прафесійнае свята. Ім даводзіцца выконваць шырокі спектр работ – не толькі спяшацца на тушэнне пажараў, але і прымаць удзел у ліквідацыі дарожна-транспартных здарэнняў, ратаваць людзей з вады, шукаць тых, хто заблукаў у лесе, і многае іншае.
У канцы ліпеня бягучага года райаддзел па надзвычайных сітуацыях узначаліў падпалкоўнік унутранай службы Віктар Кужэль (на здымку). Да гэтага часу Віктар Казіміравіч займаў розныя пасады ў сістэме МНС. Прайшоў шлях ад камандзіра аддзялення аварыйна-выратавальнага паста вёскі Дрысвяты Браслаўскага раёна да намесніка начальніка РАНС гэтага ж рэгіёна.
Напярэдадні прафесійнага свята ён расказаў, як праходзяць будні выратавальнікаў і якія галоўныя задачы ставіць перад сабой калектыў.
– У першую чаргу, працуем на папярэджанне надзвычайных сітуацый і гібелі людзей ад знешніх прычын, – адзначыў Віктар Казіміравіч. – Сваю эфектыўнасць у гэтым напрамку ўжо прадэманстравала работа аглядавых камісій, у склад якіх уваходзяць усе суб’екты прафілактыкі. Разам з імі абследуем домаўладанні грамадзян, ацэньваем умовы пражывання. Калі выяўляем парушэнні, рэкамендуем неадкладна выправіць іх.
Пажылым адзінокім людзям, інвалідам, а таксама шматдзетным сем’ям дапамогу, калі яна патрэбна, аказваюць работнікі сацыяльнай службы. Напрыклад, садзейнічаюць у рамонце печкі, электраправодкі, карацей, робяць усё для таго, каб не здарылася ў доме бяды.
З пачатку года ў Докшыцкім раёне адбылося 15 пажараў, загінуў адзін чалавек. Летась за 6 месяцаў зафіксавана 16 пажараў і двое загінулых. На вялікі жаль, людзі гінуць не толькі на пажарах, а і на вадзе. Сумная статыстыка: у Віцебскай вобласці сёлета патанулі 33 чалавекі, у тым ліку ў Докшыцкім раёне – два.
Працягваюцца летнія канікулы, а гэта значыць, што дзеці, пакуль іх бацькі на рабоце, застаюцца адны дома. Дарослым трэба абавязкова навучыць іх правілам бяспекі, растлумачыць, якую пагрозу ўяўляюць вадаёмы і іншыя аб’екты – кар’еры, неэксплуатуемыя будынкі. Дарэчы, прафілактычную работу з дзецьмі праводзяць і выратавальнікі. У школах і садах, у аздараўленчых лагерах у даступнай гульнявой форме абмяркоўваюць і паўтараюць правілы бяспекі. Пры гэтым выбіраюць новыя і цікавыя формы работы – віктарыны, конкурсы, анлайн-мерапрыемствы.
Зараз праходзіць уборачная кампанія. Выратавальнікі праводзяць рэйды, правяраюць ці ўкамплектавана сельгастэхніка сродкамі пажаратушэння.
– У полі можа здарыцца што заўгодна, – падкрэслівае Віктар Казіміравіч. – Безумоўна, такія мерапрыемствы патрэбныя і важныя. Не захоўваць правілы бяспекі на ўборцы ўраджаю – значыць ставіць пад пагрозу сваё жыццё!
– Віктар Казіміравіч, якімі будуць вашы пажаданні калегам у прафесійнае свята?
– Паважаныя калегі, а таксама ветэраны пажарнай службы, віншую вас са святам, жадаю вам і вашым сем’ям моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх справах і мірнага неба.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.