Двоих аистят выхаживает семейная пара в деревне Вольберовичи Докшицкого района
У Вольберавічах сямейная пара выходжвае дваіх буслянят. Адразу падумалася: не кожны адважыцца ўзяць на сябе такую адказнасць. Трэба мець вялікае жаданне дапамагчы, каб не пабаяцца дадатковых клопатаў і турбот, а таксама шчырае сэрца, каб спагадаць жывой істоце, што трапіла ў бяду. Таму вырашылі абавязкова пазнаёміцца з людзьмі і даведацца пра гісторыю буслянят.
Мінчане Аляксандр і Алена Лібозы разам з сынам Жэнем адпачываюць на сваёй дачы ў Вольберавічах. Паціху абуладкоўваюць дом, наводзяць парадак на ўчастку. Летам, пакуль сям’я ў вёсцы, прыходзіць да іх жыць чорны сабачка Марс. Ён сам выбраў сабе гаспадароў, і ўжо другі год запар вяртаецца, каб спраўна несці сваю ахоўніцкую службу. Муж з жонкай не супраць, тым больш што чацвераногі сябар паслухмяны і даволі разумны. А нядаўна іх гаспадарка папоўнілася новымі жыхарамі.
Тыдзень назад сям’я вярталася з райцэнтра на свой летнік. Дарога ішла праз лес. У нейкі момант увагу дарослых прыцягнулі белыя прадметы на ўзбочыне. Як аказалася, бусляняты. Яны ціха сядзелі, прытуліўшыся адзін да аднаго, і зусім не баяліся людзей. Побач стаяла ёмістасць з вадой. Можа, хто пашкадаваў птушак і хоць так хацеў ім дапамагчы? Але як яны сюды трапілі, калі лётаць яшчэ не ўмелі?
Сужэнцы вырашылі забраць буслянят: не пакідаць жа тут. Дома абуладкавалі з падручных сродкаў загончык з навесам ад сонца, каб па першым часе было прасцей даглядаць за птушкамі. А потым, калі яны набяруцца сілы, думаюць выпускаць у двор. Няхай гуляюць, крылы размінаюць.
“А чым корміце птушанят?” – пытаюся. “У асноўным рыбай, што купляем у краме, – расказвае Алена. – Часам злоўленай у возеры. Давялося разбірацца ў асаблівасцях харчавання буслоў. Даведаліся, напрыклад, што ім не патрэбна вада як піццё: вадкасць птушкі атрымліваюць, калі глытаюць злоўленую здабычу. Таму рыбу даём у місцы з вадой. На апетыт птушаняты не скардзяцца і часам нават б’юцца за ежу.”
Як доказ, Алена прынесла міску з кількай. Бусляняты, якія дагэтуль ніяк не рэагавалі на нас, адразу ажывіліся, пачалі хуценька вылоўліваць рыбінку за рыбінкай. Працэс кармлення заняў усяго пару хвілін. Памахаўшы крыламі, птушкі зноў паселі.
Бусляняты не зусім малыя. Аляксандр з Аленай спадзяюцца, што ўжо не за гарамі той час, калі яны стануць на крыло і будуць кружыць у блакітным небе. Як сімвал міру і шчасця.
Наталля ВАСЬКО.
Фота аўтара.