Софья Воронович из агрогородка Торгуны рассказала о трагической судьбе своего дедушки

Соф'я і Віктар Шэвель марылі пра вялікае сямейнае шчасце.

Соф’я і Віктар Шэвель марылі пра вялікае сямейнае шчасце.

Дзядулю бязлітасна расстралялі

Вайна… 80 гадоў прайшло з таго трагічнага часу, які пакінуў у гісторыі нашай краіны глыбокі след. Штогод мы ўшаноўваем памяць загінуўшых, праводзім мітынгі, ускладаем кветкі да помнікаў і абеліскаў…

Мае прапрабабуля і прапрадзядуля Соф’я і Віктар Шэвель унеслі асабісты ўклад у перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Калі пачалася вайна, у сям’і было двое маленькіх дзяцей. Дзядуля Віктар Міхайлавіч, які працаваў да 1941 года старшынёй сельсавета, у хуткім часе стаў падпольшчыкам. Калі немцам стала вядома, якую пасаду займаў Віктар да вайны, яго бязлітасна расстралялі разам з яўрэямі ў 1941 годзе на тым самым месцы, дзе цяпер у Докшыцах знаходзіцца помнік “Ахвярам фашызму”. Калі я праходжу міма яго, то адразу ўспамінаю подзвіг свайго родзіча, які аддаў жыццё за Радзіму.

Бабуля засталася адна з дваімі дзецьмі. Было складана. Неўзабаве яна стала сувязной і кожную раніцу бегала з Вецяры ў Крулеўшчыну, каб перадаць партызанам неабходныя звесткі. У адзін з дзён у вёсцы спыніліся немцы, і так атрымалася, што засталіся кватараваць у доме Соф’і.

Нягледзячы на гэта, жанчына працягвала ўпотай уцякаць з дому па сувязных справах. Немцы высачылі яе. Дзеці Соф’і, хлопчык і дзяўчынка, убачыўшы, што маму пасадзілі ў каляску нямецкага матацыкла, выскачылі на вуліцу. Дачка Таня плакала і прасіла не забіраць маму. Яна бегла за матацыклам са слязамі, пакуль ворагі не злітаваліся. Адбыўся цуд – Соф’ю адпусцілі.

Неўзабаве немцы пакінулі іх дом і больш не паяўляліся.

…Бабуля пражыла 91 год. Яе жыццё было і цяжкім, і шчаслівым. Мне вельмі хацелася б пагаварыць са сваёй прапрабабуляй, але я нарадзілася толькі праз тры гады пасля яе смерці. Я з гонарам нашу яе імя.

Мы абавязаны памятаць пра тых, хто ахвяраваў сабой дзеля нашых жыццяў, бо без мінулага не можа быць будучыні. А мы, маладое пакаленне, павінны будзем расказаць пра подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і сваім дзецям. “Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў”, – казаў знакаміты беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Беларусь памятае!

Соф’я ВАРАНОВІЧ,
агр. Таргуны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *