Воспоминания узницы фашистских лагерей Евдокии Сосновской записали ученики Парафьяновской школы

голод

Самы жудасны ўспамін – пра голад

Усё менш і менш у жыццёвым страі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. І нават былых малалетніх вязняў. Час – справа хуткаплынная. Але памяць… У яе няма тэрміну даўнасці.

Еўдакія  Сасноўская.  1988 год.

Еўдакія
Сасноўская.
1988 год.

Сёння, напярэдадні галоўнага свята беларускай дзяржаўнасці, успомнім пра лёс вязніцы фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў з Параф’янава Еўдакіі Сасноўскай.

Родам Еўдакія Піменаўна з Дубровенскага раёна. Пасля вайны працавала настаўніцай хіміі ў Параф’янаўскай сярэдняй школе. Да апошніх сваіх дзён яна валодала, як расказвалі яе знаёмыя, дакументальнай памяццю.

Яе ўспаміны пра ваеннае ліхалецце занатавалі вучні школы пад кіраўніцтвам настаўніцы Алены Жданько.

“Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, тата пайшоў на фронт, а ў мамы на руках засталося пяцёра дзяцей, мне было восем гадоў, – распавядала Еўдакія Піменаўна. – Як жа цяжка было пракарміць нас! Як шмат маці вымушана была працаваць! Мы, старэйшыя дзеці, стараліся ёй дапамагчы”.

У 1943 годзе фронт набліжаўся да Дубровеншчыны. Акупанты разбіралі хаты мірных жыхароў і будавалі бункеры. Дзень і ноч ляцелі снарады, ішлі паветраныя баі.

Немцы вывезлі мясцовых жыхароў адразу ў канцэнтрацыйны лагер, які знаходзіўся ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёна, а пазней у Оршу.
“У першым лагеры дзеці сталі часта хварэць, – успамінала жанчына. – А ў другім вязні паміралі як мухі. Кожны дзень іх дзясяткамі выносілі за агароджу. Жылі пад адкрытым небам. Мы захварэлі на адзёр, і мама звярнулася да фельчара. Той зрабіў маленькаму браціку і дзвюм сястрычкам уколы, але яны ў хуткім часе памерлі. Я і брат адчувалі сябе лепш, таму ўколы доктара нас абмінулі, і мы засталіся жыць…”
Чырвоная Армія наступала, і фашысты перавезлі вязняў у Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці. Гаротнікі страшна галадалі – пра гэта быў самы жудасны ўспамін Еўдакіі Піменаўны. На дзень выдавалі толькі маленькі кавалачак хлеба і порцыю поліўкі.

“У апошнім канцлагеры мы прабылі сем месяцаў, – згадвала Еўдакія Сасноўская. – І там таксама штодзень паміралі вязні – ад голаду і хвароб. А ў канцы красавіка 1944 года нас вызвалілі савецкія салдаты. Мы вярнуліся на сваю зраненую зямлю… Яна ўся была ў траншэях, калючым дроце, мінах. Колькі дзяцей потым узарвалася на іх! Самым жа шчаслівым пасля вайны быў дзень, калі з фронту вярнуўся тата. Няхай кантужаны, глухі, але жывы…”

Падрыхтавала Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *