Уроженец деревни Осиновик генерал-майор Владимир Мальчиков участвовал в трёх войнах
Наш вядомы зямляк Уладзімір Мальчыкаў (1896–1965), ураджэнец вёскі Асінавік, – удзельнік Грамадзянскай, Савецка-польскай і Вялікай Айчыннай войнаў. У 1940 годзе атрымаў высокае званне генерал-маёра авіяцыі.
У Бягомльскім музеі народнай славы аформлена экспазіцыя асабістых рэчаў і баявых узнагарод Уладзіміра Нікіфаравіча, сярод якіх гадзіннік, партупея, пагоны, рэмень, ордэны, медалі і іншае.
Даўно замерлі стрэлкі генеральскага гадзінніка, а хуткаплынны час перасёк мяжу новага стагоддзя, аднак гісторыя надзейна захоўвае памяць пра гэтага нераўнадушнага да лёсу Радзімы чалавека.
Нарадзіўся Уладзімір Мальчыкаў у сям’і селяніна-серадняка. А пасля смерці бацькі ў 1903 г. гаспадарка ператварылася ў бядняцкую.
З 1915 г. Уладзімір на ваеннай службе ў Расійскай імператарскай арміі, з самага пачатку якой трапіў у Пецяргоф. Там праходзіў навучанне ў маршавай роце. У студзені наступнага года накіраваны ў Петраград на фарміраванне 12 Армейскага авіяцыйнага атрада.
Улетку 1916 г. разам з атрадам быў адпраўлены ў дзеючую 12 армію паблізу Рыгі, дзе знаходзіўся да здачы горада восенню 1917 г.
– У гэтым атрадзе я ўпершыню атрымаў рэвалюцыйнае выхаванне, – успамінаў Мальчыкаў. – Там аказалася вельмі шмат майстравых – хлопцаў-рабочых з Петраграда, Данбаса, Рыгі, якія былі больш культурнымі і свядомымі, чым я. Вось у гэтай рабочай сям’і я пачаў разумець палітыку.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі быў створаны салдацкі камітэт атрада, у склад якога ўвайшоў і Уладзімір. Дзесьці ў жніўні – верасні 1917-га хлопец знаходзіўся ў водпуску ў Асінавіку, падчас якога выступаў на валасных сходах і заклікаў да захопу памешчыцкіх зямель. У сувязі з гэтым аратару пагражаў арышт, і ўцякаць з роднай вёскі яму прыйшлося адной з цёмных начэй.
Напярэдадні Кастрычніка агульны сход салдат аднадушна далучыўся да Ваенна-Рэвалюцыйнага камітэта.
– Адным з сур’ёзных мерапрыемстваў салдацкага камітэта было ўзяць пад асаблівы кантроль і захаваць для савецкай улады самалёты, кулямёты, зброю, боепрыпасы, а іх у нас было шмат, – расказваў Уладзімір Нікіфаравіч. – Гэта задача была поўнасцю выканана.
У лістападзе 1917 г. прайшла армейская канферэнцыя салдацкіх дэпутатаў авіяцыйных часцей 12 арміі, дзе Уладзімір Мальчыкаў быў абраны членам Рэвізійнай камісіі Выканкама авіячасцей, пасля чаго ездзіў з праверкамі. Са студзеня 1918 г. нёс службу па ахове расійскай сталіцы.
Падчас Грамадзянскай вайны ў складзе Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі быў на Паўночным і Заходнім франтах – аператыўным работнікам у штабе Ваенна-паветраных сіл.
У 1926 г. скончыў Ленінградскую школу лётчыкаў-назіральнікаў, а ў
1935-м – Ваенную акадэмію імя Фрунзэ.
У Айчынную вайну напачатку быў намеснікам начальніка штаба ВПС Паўднёва-Заходняга фронту, а затым начальнікам штаба Архангельскай ваеннай акругі і начальнікам штаба ВПС Закаўказскага фронту.
Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. У 1946 г. пасля цяжкай і працяглай хваробы звольнены ў адстаўку.
Уладзімір Мальчыкаў быў палымяным прапагандыстам – рупіўся пра высокамаральны воблік савецкага чалавека. Кіраваў партшколамі, гурткамі і семінарамі ў Маскве, Кіеве і іншых гарадах.
Пахаваны ў Кіеве.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Бягомльскага музея.