Единственная в районе девушка-механизатор работает в ОАО «Бегомльское»
Адкрытае акцыянернае таварыства “Бягомльскае” працягвае прырастаць маладымі кадрамі. Вось і на мінулым тыдні ў гаспадарку прыйшло яшчэ некалькі работнікаў, якім суджана менавіта ў гэтай сельгасарганізацыі пачынаць свой працоўны шлях і, улічваючы ўмовы працы ў гаспадарцы, дастойную заработную плату і не менш дастойны сацыяльны пакет, а таксама прывабныя перспектывы, магчыма, застацца там працаваць на доўгія гады. Сярод навічкоў – адзіная на сённяшні дзень у раёне дзяўчына-механізатар Аляксандра Маскалейчык.
– Носіцца наша Саша на сваім трактары з ветрыкам, – смяецца кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Навіцкі. – Бачна, што ўпэўнена адчувае сябе за рулём, і з першых дзён на яе работу няма ніякіх нараканняў. А галоўнае – агеньчыкі ў вачах гараць. Значыць, па душы справа, значыць, будзе з дзяўчыны толк. Думаю, стане нашай гордасцю.
Аляксандра родам з Бераснёўкі. Туды ж, у бацькоўскі дом, вярнулася пасля заканчэння Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа, дзе атрымала спецыяльнасці трактарыста-машыніста, слесара чацвёртага разраду ды яшчэ і вадзіцеля катэгорыі “С”. А ў “Бягомльскі” працаваць прыйшла з радасцю, бо ўжо добра там асвоілася падчас праходжання практыкі.
– Мама з татам, канешне, скіроўвалі мяне напачатку на прафесіі, якія больш падыходзяць жанчынам, – распавядае Саша. – Паступала на повара-кандытара, але крышку не хапіла балаў. Разглядалі таксама прафесіі цырульніка, прадаўца, але тут ужо я не згадзілася: не маё гэта. А вось тэхніка мне падабалася з маленства. Падумала: а чаму б і не? І вельмі рада, што атрымала такія спецыяльнасці – усе яны, як бы ні склалася далей маё жыццё, абавязкова спатрэбяцца і будуць карыснымі.
У адказ на пытанне, ці не стрымлівала пры выбары разуменне таго, што ў сельгаспрадпрыемствах на рознага роду тэхніцы не толькі ездзяць, але яшчэ і рамантуюць яе, а для дзяўчыны гэта ўсё ж болей складана, чым для прадстаўнікоў моцнага полу, Саша бесклапотна ўсміхаецца:
– Многае я магу зрабіць сама, без парад і фізічнай дапамогі. Многаму яшчэ навучуся ад старэйшых калег. Ды і з першых дзён зразумела, што мяне падтрымаюць, а калі нешта будзе складана выканаць фізічна, абавязкова дапамогуць. Так што спадзяюся: усё будзе як належыць.
Зараз Саша працуе на невялічкім МТЗ-340.2 – абслугоўвае стойлавыя памяшканні малочнатаварнага комплексу “Бягомль”. Стараецца зарэкамендаваць сябе як найлепш, каб з цягам часу перасесці на больш магутную тэхніку. “У ідэале – на МАЗ”, – марыць. І яшчэ адно запаветнае жаданне ёсць у гэтай абаяльнай дзяўчыны, таксама звязанае з тэхнікай: паступіць у наступным годзе ў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і стаць у будучым інжынерам – “Бягомльскаму” і такія маладыя кадры патрэбны. Няхай яно збудзецца! Прынамсі, першыя крокі да здзяйснення мары зроблены.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.