VІІІ Республиканский фестиваль дружбы и искусства «Две реки» прошел в Докшицах

img_8940

У суботу, 10 жніўня, у Докшыцах адбыўся VІІІ Рэспубліканскі фестываль сяброўства і мастацтва “Дзве ракі”.

Набярэжная гарадскога возера ператварылася ў гэты дзень у тэрыторыю музыкі, танцаў, гульняў і забаў. А адным з самых яркіх і незабыўных дзействаў стала тэатралізаванае шэсце па вуліцах горада гасцей і ўдзельнікаў фестывалю. Са сцягамі, кветкамі, іншымі святочнымі атрыбутамі, пад музыку і дробат барабанаў. У людскім патоку плыў велічны “лебедзь – нязменны сімвал фестывалю.

У мерапрыемствах “Дзвюх рэк” прымалі ўдзел старшыня Докшыцкага райвыканкама Сяргей Абірала і яго намеснікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, намеснік Генеральнага сакратара Садружнасці Незалежных Дзяржаў Нурлан Сейцімаў (Казахстан), прадстаўнікі выканаўчага камітэта СНД Алім Джаксыбекаў (Казахстан), Манучэхр Хаджызада (Таджыкістан), Тактасун Сабыраў (Кыргызстан), начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Ірына Карповіч, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Алег Агееў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Докшыцкай выбарчай акрузе Анатолій Сіўко, знакамітыя беларускія кампазітары Алег Елісеенкаў і Мар’ян Зелянкевіч, іншыя ганаровыя госці.

Ад імя выканкама СНД Нурлан Сейцімаў павіншаваў прысутных са святам.

– Важна, што фестываль праходзіць у духу адкрытасці і добразычлівасці, дорыць гледачам яркія эмоцыі і незабыўныя ўражанні аб прыгожай беларускай зямлі, – сказаў ён. – Няхай і далей на фестывалі пануе атмасфера дружбы, творчасці, гасціннасці і даверу.

У сваю чаргу Ірына Карповіч вітала ўдзельнікаў свята ад імя Міністэрства культуры. Яна адзначыла, што фестывалі з’яўляюцца часткай культурнай дыпламатыі, якая не мае межаў і нацыянальнасці. “Культура – гэта аб’яднальнае звяно ўсіх народаў,” – падкрэсліла Ірына Уладзіміраўна.

Між тым на сцэне летняга амфітэатра ў канцэртнай праграме “Віват, фестываль!” была прадстаўлена не толькі беларуская культура, але і руская, армянская, казахская, індыйская, карэйская і інш. Творчыя калектывы прыехалі з розных куткоў Беларусі і суседняй Латвіі, арганізатары сустракалі іх пышнымі караваямі, а гледачы – бурнымі воплескамі.

На беразе возера прайшла традыцыйная цырымонія абраду “Лебядзіная вернасць”. Сёлета праз арку Кахання і вернасці прайшла мясцовая маладая сямейная пара Дзмітрыя і Карыны Кальчынскіх.

Фестывальная праграма была насычанай. Вялікую цікавасць у дакшычан і гасцей горада выклікалі спаборніцтвы па гіравым спорце “Кубак дзвюх рэк” з удзелам легенды спорту Вячаслава Харанекі і іншых вядомых чэмпіёнаў. Упершыню прайшоў адкрыты конкурс традыцыйных батлеечных калектываў “Батлейка Патупчыка запрашае”. Адбыліся конкурсы “Бярэзінскія напевы” і “Кірмаш сямейных талентаў”, міжнародны маладзёжны форум “Маладзёжная ліга дружбы #НАША_СПАДЧЫНА”, спартыўныя спаборніцтвы па футболе і пляжным валейболе. Працавалі літаратурны сквер “Горад мой! Ты – песня і легенда” з удзелам членаў літаратурнага аб’яднання “Крыніцы” рэдакцыі газеты “Родныя вытокі”, выстаўка работ удзельнікаў адкрытага пленэру мастакоў “Вілійскія замалёўкі”, пляцоўка “Горад майстроў” і іншыя, а таксама атракцыёны і шматлікія гандлёвыя павільёны.

Фінальным акордам стала выступленне сталічных артыстаў: арт-групы “Багач”, эстраднай спявачкі Улады, артыста-вакаліста Беларускага маладзёжнага тэатра эстрады Шыра і дзіджэя Эрні.

 Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *