Лоскутное шитье стало одним з творческих увлечений Галины Покальской из города Докшицы

img_3976

Пра творчасць дакшычанкі Галіны Пакальскай даведаліся выпадкова. Зазірнуўшы ў раённы Дом рамёстваў, каб паглядзець на выставу народнай творчасці, якая тут толькі адкрылася, сярод разнастайных маляўнічых вырабаў звярнулі ўвагу на тэкстыльныя лялькі. У яркіх рознакаляровых спаднічках і сукенках, туфліках і берэтах, з косамі, сплеценымі з нітак, яны весела пазіралі вочкамі-гузікамі і выклікалі пачуццё пяшчоты і дабрыні. Побач з імі такімі ж мілымі і прыцягальнымі выглядалі падушкі-коцікі. Як аказалася, аўтарам гэтых вырабаў у стылі пэчварк і з’яўляецца гераіня нашага артыкула. 

img_3978

Творчасцю Галіна Іванаўна захапілася ўжо на пенсіі. Дагэтуль каля сарака пяці гадоў аддала школе. Пачынала піянерважатай у Параф’янаве. Потым спрабавала сябе ў ролі дырэктара Дома піянераў. Але зноў вярнулася ў школу – вучыла рускай мове і літаратуры вучняў у Слабадзе. Выйшаўшы замуж, з сям’ёй з’ехала ў Северадзвінск, дзе таксама дзевятнаццаць гадоў працавала настаўніцай. З цягам часу вярнулася на малую радзіму і да адпачынку выкладала мову ў СШ № 2 г. Докшыцы.

3987

– Вучыць дзяцей марыла з дзяцінства, – гаворыць Галіна Іванаўна. – Таму, калі цікавяцца маёй біяграфіяй, адказваю, што як пайшла ў школу ў сем гадоў, так у ёй і засталася. На заслужаным адпачынку з’явілася столькі вольнага часу, што, прызвычаіўшыся да пастаяннай дзейнасці, спачатку было складана. На падмогу прыйшлі дочкі: падарылі карціну, якую трэба размалёўваць па нумарах. Потым прэзентавалі пашытую кошку-пакетніцу, выраб якой паспрабавала паўтарыць уласнаручна. Атрымалася! Паралельна захапілася вышыўкай. Пачала вучыцца лозапляценню ў майстра Дома рамёстваў Таццяны Гаварцовай. Але, напэўна, самае любімае ў творчасці – гэта лапікавае шыццё. Вельмі хацелася паспрабаваць пашыць яркае рознакаляровае пакрывала. Для гэтага кансультавалася ў бясспрэчна высакакласнага спецыяліста, майстра-метадыста раённага Дома рамёстваў Наталлі Канцавой. І вось адзін плед ужо ўпрыгожвае канапу. Цяпер працую над так званай “ясенінскай коўдрай”. Такую назву яна атрымала пасля таго, як супрацоўнікі музея Сяргея Ясеніна вырашылі аднавіць і адрэстаўрыраваць лапікавую коўдру, якую шыла маці паэта. Вось і сталі такія вырабы зваць “ясенінскімі”. Увогуле, унікальныя лапікавыя коўдры шылі яшчэ непісьменныя сялянкі. Калі жанчына чакала дзіця, то з рэшткаў ад крою свайго адзення і адзення мужа пачынала збіраць лапікавую коўдру. Калі дзіця падрастала, да коўдры дашывалі новыя дэталі. Вось такі сямейны абярэг атрымліваўся.

img_3985

Падчас размовы з аўтаркай такіх арыгінальных і вельмі прыгожых рэчаў выявілася, што маці Галіны Іванаўны вельмі добра вязала, бацька быў кавалём, родны дзядзька – самадзейны мастак. Адметнай швачкай была свякроў. Фларыстыкай і дызайнам інтэр’еру займаецца адна з яе дачок. Творчасць у Пакальскіх – сямейнае захапленне.

img_3977 img_3979

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *