Мастер Докшицкого ПМС Александр Анисько достойно справляется с поставленной задачей

Майстар Аляксандр Аніська на вытворчым аб’екце.

Майстар Аляксандр Аніська на вытворчым аб’екце.

Кіраўнік дзяржавы на нарадах і падчас сустрэч з аграрыямі акцэнтуе ўвагу на якасным правядзенні меліярацыі зямель. З гэтай задачай работнікі Докшыцкага ПМС дастойна спраўляюцца на працягу не аднаго дзесяцігоддзя. Тое, што зямля – складаны арганізм, які патрабуе пастаяннага догляду і вялікай чалавечай самааддачы, разумее кожны ў гэтым калектыве, дзе выпадковыя людзі надоўга не затрымліваюцца, а менавіта згуртаванасць і прафесіяналізм касцяка дазволілі пераадолець няпростыя часы як для меліярацыі ў цэлым, так і для прадпрыемства ў прыватнасці. За кожным поспехам, безумоўна, стаяць людзі. Сярод з іх – майстар Аляксандр Аніська.

Калі прыйшла пара выбіраць прафесію, юны Саша Аніська, тады браслаўчанін, доўга не вагаўся: у галіне меліярацыі працавала яго мама, якая і параіла сыну: ад дабра дабра не шукаюць. Лёгка паступіў у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію на спецыяльнасць “Меліярацыя і водная гаспадарка”: і рыхтаваўся сур’ёзна, і накіраванне мэтавае мелася.

– Магу парэкамендаваць тым, хто зараз стаіць перад выбарам будучага жыццёвага шляху, сваю альма-матар, – з цеплынёй згадвае ўстанову Аляксандр Паўлавіч, з якім сустрэліся на рабочым месцы, на палетках ААТ “Барсучанка” за вёскай Вешняе, дзе ідзе рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы “Сэрвач”. – Запатрабаваныя прафесіі, дастойная заработная плата пасля заканчэння. Выдатныя выкладчыкі, належная матэрыяльная база, тэарэтычныя веды, якія цалкам прымяняюцца на практыцы. Зручнае і кампактнае размяшчэнне: вучэбныя корпусы і лабараторыі, студгарадок, сталовая – усё ў крокавай даступнасці адно ад аднаго. Карацей, самыя добрыя ўспаміны і водгукі.

З 2010 года Аляксандр Аніська працаваў у Докшыцкім ПМС галоўным інжынерам. Жыццёвыя абставіны склаліся так, што на некалькі гадоў давялося перайсці ў іншую сферу, але затым зноў вярнуўся на прадпрыемства і займае цяпер пасаду майстра. Сёлета за добрасумленную працу і высокія вытворчыя вынікі ўзнагароджаны Ганаровай граматай ДП “Віцебскмеліяводгас”. У абавязкі Аляксандра Паўлавіча ўваходзіць арганізацыя работ, кантроль за выкананнем тэхналогій, прыёмка выкананага. Адказвае ён і за ахову працы, тэхніку бяспекі. “На аб’екце майстар адказны за ўсё”, – усміхаецца. Яго дзень пачынаецца рана: планёркі на прадпрыемстве – без пятнаццаці сем. Ставяцца задачы, вырашаюцца неадкладныя пытанні – як і ў іншых арганізацыях. А затым – на аб’ект і ўжо там да 18-і гадзін. Практычна ў любое надвор’е.

– Хтосьці скажа, што складана, а дзе лёгка? – разважае суразмоўца. – Галоўнае – любіць сваю работу, укладваць у яе душу, ладзіць добрыя зносіны з калегамі, быць спецыялістам на сваім участку.

Аляксандр Паўлавіч адзначае, што ў свой час атрымаў ад прадпрыемства жыллё, якое ўжо прыватызавана. Ва ўтульным і камфортным доме ў вёсцы Лапуты яго чакае сям’я: жонка Наталля, якая працуе юрыстам у ААТ “Барсучанка”, і двое дзетак-школьнікаў. Што яшчэ патрэбна чалавеку, калі на працы паважаюць, а дома любяць?

– Каб так было і далей, – справядліва рэзюмуе Аляксандр.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *