Молодёжные студотряды трудятся в лагере «Берёзка» и Бегомльском лесхозе
Студатрадаўскі рух дазваляе моладзі выбіраць, у якой сферы паспрабаваць свае сілы. Летам юнакі і дзяўчаты дапамагаюць выхавацелям і рабочым у дзіцячых лагерах, працуюць у сельгаспрадпрыемствах на зернесушыльных комплексах, рамантуюць мэблю ў школах.
У аздараўленчым лагеры “Бярозка” дзейнічае сэрвісны атрад “Моладзь” імя Героя Савецкага Саюза А.І. Чэрныша. Зараз ён налічвае 11 байцоў, да гэтага часу былі яшчэ дзве змены агульнай колькасцю 25 чалавек.
Як расказала камандзір студатрада Вікторыя Ждановіч, у склад увайшлі прадстаўнікі працоўнай моладзі, студэнты і вучні школ раёна. Хлопцы і дзяўчаты выконваюць абавязкі выхавацеля, педагога-арганізатара, прыбіральшчыка, мыйшчыка посуду, повара, кухоннага рабочага, афіцыянта. Маладыя людзі не толькі працуюць, але і з карысцю бавяць вольны час. Прымаюць удзел у спартыўных, культурна-масавых мерапрыемствах, інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Крок да поспеху”. Гасцямі апошняй, напрыклад, станавіліся намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Павел Латковіч, удзельніца міжнароднай акцыі “Цягнік памяці” Аляксандра Елісеенка, адвакат Аляксандра Бархатава.
Яшчэ адну магчымасць сумясціць адпачынак і работу прапаноўвае Бягомльскі лясгас, які цесна супрацоўнічае з раённай арганізацыяй ГА “БРСМ”. Каторы год у гадавальніку прадпрыемства рады бачыць памочнікаў.
– У летні перыяд у лясгасе працуюць два атрады, – паведаміла намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце Алена Курныш. – Першы – гэта дзеці кругласутачнага 10-дзённага лагера “Юнацтва”, якія прыязджаюць сюды з усяго раёна. Ён размяшчаецца на базе спецыяльнай школы-інтэрната ў гарпасёлку і дзейнічае ў чэрвені.
Напрыканцы ліпеня пачаў працаваць студэнцкі атрад “Эколагі”, створаны на базе Бягомльскай сярэдняй школы імя С.С. Манковіча. Зараз яго наведваюць 15 чалавек. Хлопчыкі і дзяўчынкі на працягу трох тыдняў будуць шчыраваць у гадавальніку.
Работа маладых людзей заключаецца ў праполцы саджанцаў сасны і елкі, “градкі” з якімі хутка зарастаюць пустазеллем, і тут дапамога падлеткаў вельмі дарэчы. Тым больш што работа гэта аплачваецца. У мінулым годзе, напрыклад, у сярэднім налічана па 450 рублёў. Да гадавальніка дзяцей дастаўляе аўтобус лясгаса, яны працуюць вызначаную колькасць часу – да абеду, як таго патрабуе заканадаўства.
Для падлеткаў арганізуюцца экскурсіі на прадпрыемства, дзе яны знаёмяцца з вытворчасцю, тэхнікай, дрэваапрацоўчым абсталяваннем, а таксама ў Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Наталля ВАСЬКО.
Фота з тэлеграм-канала “ДаВОкі”, з архіва Бягомльскага лясгаса.