Сорок шесть лет на Докшицком хлебозаводе работает кладовщиком Тамара Конопелько
Сорак шэсць гадоў на Докшыцкім хлебазаводзе кладаўшчык Тамара Канапелька.
Усё больш у друку з’яўляецца артыкулаў за подпісам псіхолагаў, урачоў, у якіх ідзе размова пра эмацыянальнае і працоўнае выгаранне, даюцца парады па кардынальнай змене работы праз дзесяць-пятнаццаць гадоў. А Тамара Фёдараўна такія парады да ўвагі не прымае і на родным хлебазаводзе выдатна сябе адчувае амаль паўвека. Днямі жанчына адзначыла юбілей у коле сваіх калег і прызнаецца з хваляваннем, што атрымала столькі пазітыўных эмоцый у святочны дзень, што хопіць, мусіць, на цэлы год.
– Чалавек цудоўны. Выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі, за што неаднаразова адзначалася на розных узроўнях, – коратка і ёмка характарызуе кладаўшчыцу дырэктар завода Аляксей Байкоў.
– Любім нашу Фёдараўну, паважаем, цэнім як працаўніцу, – далучаецца да кіраўніка начальнік лабараторыі Святлана Чурко. – Застанецца ў калектыве надалей – будзем толькі рады.
– А я і папрацую яшчэ, калі здароўе дазволіць ці хтосьці іншы на маё месца не захоча, – дзеліцца планамі Тамара Фёдараўна. – Добра мне тут, камфортна, цёпла душы, ды і неабходнасць ісці на работу заўжды трымае, скажам так, у рэжыме, у тонусе, не дае расслабляцца, а гэта для чалавека важна.
Тамара Канапелька прыйшла на завод практычна са школы. Спачатку рабочай была, затым майстрам змены. А кладаўшчыком вось ужо тры дзясяткі гадоў. Займаецца выдачай сыравіны: тлушчу, алею, цукру, маргарыну, дражджэй, розных харчовых дабавак. Паступае на завод і гатовая прадукцыя для крам раёна з Віцебска, Полацка – пячэнне розных гатункаў, напоі, бакалея. Усё гэта таксама праходзіць праз рукі кладаўшчыцы. У дакументацыі, якую вядзе Тамара Фёдараўна, заўжды поўны ажур, а на складзе – чысціня і парадак.
– Як жа іначай? – гаворыць. – На рабочым месцы часу праводзіш больш, як дома. Гэта сябе і іншых не паважаеш, калі ў твае “ўладанні” непрыемна зайсці. А на складзе антысанітарыі ні ў якім разе быць і не павінна: з прадуктамі ж працую. Сачу, каб халат заўжды быў чысты, адпрасаваны – у нас на заводзе ўсе так выглядаюць. Так што ніякай скідкі на ўзрост ці недахоп часу не раблю. Ды і нескладана гэта, бо стала ўжо шматгадовай добрай звычкай.
Лёс маю шчырую і прыязную суразмоўцу не песціў, кажа, як і ў кожнага, было і добрае, і дрэннае. Зараз Тамара Фёдараўна ўдава, але сэрца саграваюць дзве дачушкі і пяцёра ўнукаў. А яшчэ – калектыў хлебазавода, які даўно ўжо стаў для яе другой сям’ёй.