Накануне профессионального праздника в Докшицком районном отделе статистики прошел День открытых дверей

 

img_4123

Гісторыя ў лічбах. Менавіта так можна растлумачыць паняцце статыстыкі, дзень работнікаў якой адзначаецца штогод 23 жніўня. Напярэдадні прафесійнага свята работнікі раённага аддзела статыстыкі ініцыявалі Дзень адчыненых дзвярэй. Удзельнікамі сустрэчы сталі ветэраны арганізацыі Зоя Бейнаровіч, Тамара Байкова і Галіна Кучко, а таксама старшакласнікі гарадскіх школ.

Пра гістарычнае мінулае і сучасную дзейнасць службы ў прывітальным слове расказала начальнік аддзела Алена Харытонава. Яна звярнула ўвагу на тое, што сёння афіцыйная статыстыка з’яўляецца важным інструментам дзяржаўнага кіравання, на якой грунтуюцца прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, па яе даных ажыццяўляецца ацэнка іх выканання.

– Без статыстыкі немагчыма было б атрымаць рэальную ацэнку сацыяльна-эканамічнага становішча раёна, вызначаць стратэгію і тактыку яго развіцця. Невыпадкова статыстыку называюць гісторыяй у лічбах.img_4046 img_4104

Сваім вопытам работы падзяліліся ветэраны.

– Калі пачынала працаваць, работнікі карысталіся яшчэ арыфмометрамі – механічнымі вылічальнымі машынамі, – гаварыла Зоя Бейнаровіч, якая аддала статыстыцы 25 гадоў. – З цягам часу сталі ўкараняцца камп’ютарныя сістэмы.

Больш за 35 гадоў працавала ў службе Тамара Байкова. Пачынала намеснікам начальніка ў Буда-Кашалёве Гомельскай вобласці. Калі прыехала ў Докшыцы, спачатку працавала галоўным эканамістам, а потым начальнікам раённага аддзела статыстыкі. За гэты час стала ўдзельніцай чатырох перапісаў насельніцтва.

img_4072

– Першым для мяне як статыстыка стаў Усесаюзны перапіс насельніцтва ў 1989 годзе – гэта быў апошні перапіс насельніцтва СССР, – успамінае Тамара Іванаўна. – Тады ў перапісных лістах інфармацыю пазначалі алоўкамі. У 1999 годзе гэта быў ужо перапіс насельніцтва Беларусі – пісалі гелевымі ручкамі. У 2019 годзе для работы выкарыстоўвалі планшэты. Прычым людзі мелі магчымасць адказаць на пытанні анкеты анлайн. Дарэчы, па электронным ахопе насельніцтва наш аддзел быў на другім месцы ў вобласці.

Статыстыку з 23-гадовым стажам Галіне Кучко ў свой час быў даручаны адзін з самых складаных участкаў – збор даных па сельскай гаспадарцы. І заўсёды выручала падтрымка калег. Увогуле, усе ветэраны адзначалі асаблівую сяброўскую атмасферу ў калектыве, якая дапамагала спраўляцца з любымі перашкодамі.

img_4119 img_4132 img_4080

Для школьнікаў Алена Харытонава прадставіла сучасную дзяржаўную статыстычную дзейнасць як высокатэхналагічную і высокаарганізаваную інфармацыйную сістэму, якая ўкараняе ў статыстычную вытворчасць найноўшыя інфармацыйныя рэсурсы і тэхналогіі, з’яўляецца галоўнай крыніцай дакладнай, актуальнай, своечасовай, аб’ектыўнай і даступнай афіцыйнай інфармацыі. Пазнаёміла іх з магчымасцямі інфармацыйных сістэм, размешчаных на платформе шматфункцыянальнага інтэрнэт-сайта Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Школьнікі даведаліся, што, каб працаваць у статыстычнай службе, абавязкова патрэбна вышэйшая эканамічная адукацыя, якую можна атрымаць у многіх ВНУ. Менавіта статыстыкаў рыхтуюць у БДЭУ.

Цікава было на практыцы паглядзець, як сучасныя статыстыкі атрымліваюць патрэбную інфармацыю.

Напрыканцы сустрэчы ветэраны атрымалі віншаванні з прафесійным святам, а старшакласнікі – падарункі на памяць.

img_4053

img_4110 img_4140

img_4133-s

Ветэраны і сённяшнія работнікі статыстычнай службы раёна.

 

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *