Озимый рапс начали сеять в ОАО «Бегомльское» Докшицкого района

img_7897-s

Шосты дзень ідзе сяўба азімага рапсу ў ААТ “Бягомльскае”. Да яе ў гаспадарцы прыступілі першымі не толькі ў раёне, але і ў вобласці.

– Пасеяць рапс у аптымальныя тэрміны ў падрыхтаваную належным чынам глебу – першы важны этап у ходзе цэлага комплексу работ па вырошчванні гэтай каштоўнай культуры, – гаворыць галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Вадзім Савіцкі. – Таму на фоне ўборачнай кампаніі не палічылі гэта другараднай справай, знайшлі магчымасці зрабіць усё па тэхналогіі. І насенне маем гібрыднага сорту “міранда”, які добра зарэкамендаваў сябе ў нашых кліматычных умовах.

Сейбіт “чорнага золата” – малады механізатар Антон Глінскі. Якраз яго заспелі за вёскай Шклянцы, на велізарным полі плошчай 200 гектараў, атуленым з усіх бакоў лясным масівам. Можна сказаць вобразна, што гэта ў большасці “плод” яго працы, бо арганіку на тыя палеткі вывозіў і ўносіў таксама ён. А вось ужо рыхтавалі глебу да сяўбы на энерганасычаных трактарах механізатары Павел Рудзько і Сяргей Васілевіч, а мінеральныя ўгнаенні ўносіў Аляксандр Круцік.

На сваім магутным К-742 з пасяўным агрэгатам АПП-6Д Антон за дзень засявае прыкладна сорак гектараў. Пры добрых умовах надвор’я работы на тры тыдні. А калі атрымаецца з дапамогай, то і хутчэй.

– Так, робім значную стаўку на азімы рапс, – адзначае кіраўнік ААТ “Бягомльскае” Аляксандр Навіцкі. – Рызыка? Ды Віцебшчына ўвогуле зона рызыкоўнага земляробства. Але ж калі рызыкаваць разумна, то ў любым выпадку прыбытак павінен быць. Будзем спадзявацца, канешне, на большы і рабіць для гэтага ўсё магчымае.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *