Докшицкое ДРСУ № 180 приближается к выполнению годового плана по асфальтированию дорог района
ДРБУ № 180 набліжаецца да выканання гадавога плана па асфальтаванні дарог раёна: сёлета ўжо пакладзена 38 кіламетраў палатна з 40 намечаных. З гэтай нагоды дарожнікі могуць пры наяўнасці сродкаў замахнуцца і на паўсотню. Для параўнання: за ўвесь 2023 год заасфальтаваны 21 кіламетр дарог.
– Дзякуючы дзяржаўнай праграме “Дарогі Беларусі” на 2021–2025 гады ў транспартную інфраструктуру прыцягваюцца большыя інвестыцыі, адпаведна паляпшаецца стан дарог, што назіраецца і на прыкладзе Докшыцкага раёна, – адзначыў начальнік ДРБУ № 180 Уладзімір Місачэнка. – Наш калектыў працуе зладжана, часам у выхадныя і святы, але ніхто не скардзіцца, бо работа даходная: сярэдняя зарплата ў гэтым годзе складае 2090 рублёў.
Зараз дарожнікі ўкладваюць асфальт на дарозе Бягомль – Дубавік: ён праляжа на ўчастку даўжынёй 2,3 кіламетра ад перакрыжавання з трасай Докшыцы – Бягомль да канца вёскі Атрахімаўка. Першапачаткова гэтага аб’екта не было ў планах, але, як растлумачылі ў ДРБУ, калі дазваляюць фінансы, асфальтуюцца дадатковыя дарогі.
Акрамя гэтага, дарожнае прадпрыемства аказала дапамогу ў асфальтаванні дарожак дзіцячым садам: Крулеўшчынскаму і № 4 г. Докшыцы.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.