«Школьный базар» в Докшицах приглашает за продукцией отечественных производителей
На дварэ жнівень, а гэта значыць, што ўжо хутка пачнецца новы навучальны год. Таму адна з цяперашніх галоўных тэм для бацькоў вучняў – зборы ў школу. З парад бывалых: дзеці за лета звычайна вырастаюць, таму і самы час абнавіць гардэроб якраз перад вераснем. А яшчэ ў мэтах эканоміі варта перагледзець мінулагоднія рэчы: а раптам яшчэ што-небудзь спатрэбіцца? Складаней у гэтым плане бацькам першакласнікаў, бо тут, як кажуць, усё “з нуля”.
Напэўна, адно з самых папулярных месцаў для шопінгу ў Докшыцах – гэта гарадскі кірмаш. Амаль кожная трэцяя палатка – са школьным асартыментам. “Купляйце беларускае!” – зазывалі да стэлажоў філіяла аблспажыўтаварыства ў рыначны дзень работнікі культуры. Тут большасць школьнага адзення – вытворчасці фабрыкі “Калінка”. Кошт сарафанаў і штаноў – ад 70 рублёў. Ёсць выбар скуранога абутку з мінулагодняга прывозу. Чакаецца паступленне спартыўных касцюмаў.
– Засталося купіць штаны, – гаварыла бабуля другакласніка Макара. – Унук усё лета гасцяваў у Докшыцах, амаль усё патрэбнае адзенне набылі тут. Спецыяльна прыйшлі ў палатку спажывецкай кааперацыі па якаснае адзенне.
Таксама на “Школьным кірмашы” вялікі асартымент канцылярыі. Няма толькі дзённікаў і прадметных сшыткаў. Звычайныя коштам па 25 капеек, але, у адрозненне ад больш танных, у іх яркія лінейкі і клеткі.
Дарэчы, самыя танныя сшыткі, па 17 капеек, у “Святлафоры”, па 19 капеек у краме “Тры цаны”. Дзённікі новага ўзору можна набыць у “Пінокіа”, як і разнастайную патрэбную канцылярыю. Па падліках, зборы менавіта першакласніка абышліся тут у 60 – 120 рублёў (ад эканомварыянта і да выбару больш дарагіх алоўкаў, фарбаў і інш.). Наконт прадметных сшыткаў – яшчэ не ўсе выпушчаны ў друк. Таму лепш з гэтым не спяшацца.
Але вернемся на кірмаш. Асаблівага ажыятажу тут пакуль не назіраецца. Як заўважылі прадаўцы, сапраўдны “бум” чакаецца бліжэй да пачатку навучальнага года. Танны рукзак на рынку можна знайсці за 25 рублёў. Кошт блузак вагаецца ад 23 да 70 рублёў, кашуль – ад 35 да 60-ці, штаноў – ад 36 да 100 рублёў. Некаторыя бацькі шукаюць камізэлькі, але прадаўцы адзначаюць, што цяпер большасць школ заказвае іх пашыў.
У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю падлічылі, што сёлета арыенціровачны сярэдні кошт адзення і абутку для школьнікаў складае ад 120 да 620 рублёў. Арыенціровачны кошт “аптымальнага набору школьна-пісьмовых і канцылярскіх прылад” складае да 270 рублёў для малодшых класаў і да 260 рублёў – для старшакласнікаў.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.