Выпускник СШ № 1 г. Докшицы стал серебряным призёром Международной математической олимпиады среди студентов университетов

Вадзім Камянецкі.

Выпускнік СШ № 1 г. Докшыцы, цяперашні першакурснік факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вадзім Камянецкі стаў сярэбраным прызёрам Міжнароднай матэматычнай алімпіяды сярод студэнтаў універсітэтаў.

Спаборніцтвы адбыліся ў Балгарыі, куды з’ехаліся 78 універсітэцкіх каманд з 43 краін свету, усяго больш як 400 удзельнікаў. Канкурсанты павінны былі рашыць па 10 задач.

– Асаблівых цяжкасцей пры іх рашэнні не ўзнікла, – зазначае Вадзім. – Да “золата” крыху не хапіла засяроджанасці.

Наш зямляк – вучань Сяргея Камінскага, настаўніка матэматыкі СШ № 1 г. Докшыцы, пад кіраўніцтвам якога ў 8 – 9 класах узмоцнена рыхтаваўся да рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах. У 8-м класе Вадзім заняў 2-е месца на раённым этапе, а ўжо ў 9-м быў першым у раёне, заваяваў дыплом ІІ ступені на абласным этапе і ІІІ ступені на заключным.

– Настойлівы юнак, варта захацець – і дабіваецца мэты, – характарызуе свайго таленавітага вучня Сяргей Іванавіч. – Дадаткова займаліся з ім і ў выхадныя, і падчас канікул.

Пасля 9 класа Вадзім паступіў у ліцэй БДУ, дзе яго аднакласнікамі сталі такія ж паспяховыя алімпіяднікі.

– У ліцэі прыходзілася пастаянна трымаць сябе ў тонусе, шмат займацца, удасканальвацца, каб не адстаць ад мацнейшых, – прызнаецца Вадзім. – Удавалася гэта дзякуючы вялікай сіле волі. Ды і ва ўніверсітэце гэты працэс працягваецца.

Ліцэй хлопец закончыў з залатым медалём (дарэчы, з 22 выпускнікоў яго класа 18 – залатыя медалісты і 2 – сярэбраныя, і гэта паказчык неверагодна высокага ўзроўню іх падрыхтоўкі). Падчас навучання Вадзім таксама ўдзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы і ў выніку ўзнагароджаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступеней на рэспубліканскім этапе. А ў БДУ трапіў у групу, у якую ўваходзяць найбольш адораныя студэнты. І гэта дае стымул на далейшыя матэматычныя дасягненні.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з архіва В. КАМЯНЕЦКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *