Излишки овощей и фруктов предлагает купить трудолюбивый житель агрогородка Порплище

img_0013

Шчыра працуе на прысядзібным участку і стараецца рэалізаваць вырашчаную прадукцыю Віктар Піскуноў з Порплішча.

Руплівыя парплішчане лішкамі агародніны, садавіны і дарамі лесу гандлююць даўно і паспяхова. Вось і нядаўна, будучы ў аграгарадку па рэдакцыйных справах, насупраць аднаго з дамоў заўважылі маленькі столік, накрыты абрусам, на якім горда ўссядаў здаравенны гарбуз з надпісам на тоўстым аранжавым баку “Вазьмі мяне!” На лавачцы побач месціліся вядзерцы з бульбай, прыгожымі сакавітымі грушамі, часнаком. Гаспадара ўсяго гэтага багацця побач не было, і мы паехалі далей. А на зваротным шляху сустрэліся і пазнаёміліся.

Віктар Мікалаевіч Піскуноў, былы будаўнік, вадзіцель ААТ “Барсучанка”, а яшчэ раней – племзавода “Порплішча”, зараз пенсіянер, але без справы сядзець ніяк не можа. І справа зусім не ў грошах, а ў шматгадовай звычцы рухацца, працаваць, нешта ствараць і ладкаваць. Гэты прыязны, усмешлівы, жартаўлівы чалавек насамрэч лёсам не аблашчаны. Спачатку пахавалі з жонкай дачушку, гадавалі ўнука, а чатыры гады таму пайшла з жыцця і яго дарагая палова, з якой шмат гадоў пражылі ў горы і радасці. Тым не менш Віктар Мікалаевіч рук не апусціў і з болем сваім змагаецца працай. Не скажаш, што жыве ён адзін: на прысядзібным участку парадак – залюбавацца. Сад малады дагледжаны, ёсць пасека невялічкая, кветкі пасаджаны. Усё пафарбавана, адрамантавана, фігуркі садовыя радуюць вока, ліхтарыкі на сонечных батарэях. Агарод дагледжаны, і плошча яго не паменшылася. “На трасу”, як кажуць парплішчане, выходзіць штодзённа. Прадасць сёе-тое і з людзьмі паразмаўляе, пажартуе – вось і цяплей на душы становіцца.

– Толькі гарбуз другі тыдзень не магу прадаць, – дзеліцца з намі. – У вяскоўцаў свае растуць, а гараджане кажуць, што моцна вялікі, не справішся з’есці – сапсуецца. Зрабіў вось маркетынгавы ход – напісаў на яго баку просьбу.

Сапраўды, людзі, купіце: харошы ж гарбуз, а галоўнае – у харошага чалавека.

Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *