Экономически выгодные топливные пеллеты выпускает Бегомльский лесхоз
Некалькі гадоў таму Бягомльскі лясгас распачаў асваенне новай, эканамічна выгаднай прадукцыі – паліўных пелет. Для гэтага яшчэ ў 2010 годзе на тэрыторыі прадпрыемства быў пабудаваны пелетны завод.
Тут наладжаны поўны вытворчы цыкл, прычым усё аўтаматызавана. Працэс пачынаецца з загрузачнага транспарцёра, адходы драўніны праходзяць першарадную ачыстку, затым трапляюць у сушыльны барабан.
Для вытворчасці гранул выкарыстоўваюцца пілавінне і трэскі, таму адходаў практычна няма. Гатовая прадукцыя, упакаваная ў біг-бэгі вагой па 800-900 кілаграмаў, рэалізуецца РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, у Чашніцкі і Глыбоцкі раёны, Віцебскаму камунальнаму вытворчаму ўнітарнаму прадпрыемству кацельняў і цеплавых сетак. Паліўныя гранулы з драўніны таксама набываюць фізічныя і юрыдычныя асобы.
– Пелеты больш сухія ў параўнанні са звычайнай драўнінай, – адзначае перавагі гэтага віду паліва перад традыцыйнымі галоўны інжынер лясгаса Руслан Зінкевіч. – Вільготнасць гранул складае 8-12 працэнтаў. У дроў жа паказчык вар’іруецца ў межах 30-50 працэнтаў.
За месяц наша прадпрыемства выпускае каля 3000 кубаметраў пелет. Гэта поўнасцю экалагічна чыстае біяпаліва, паколькі не ўтрымлівае шкодных хімічных рэчываў і не забруджвае навакольнае асяроддзе. Немалаважны і эканамічны эфект пры выкарыстанні пелет. Яны дазваляюць значна знізіць затраты на ацяпленне. Маюць высокую цеплатворную здольнасць, забяспечваюць працяглае гарэнне.
Эканамічны эфект ад выкарыстання пелет у ацяпляльны перыяд адчулі і ў РУП ЖКГ «Докшыцы-камунальнік».
– На балансе камунгаса знаходзяцца 15 кацельняў, – паведаміў галоўны інжынер прадпрыемства Дзмітрый Ляжневіч. – Пяць з іх – у Валкалатах, Порплішчы, Глінным і дзве ў Бягомлі – працуюць на пелетах. Гэты від паліва выкарыстоўваем на аўтаматызаваных цеплавых аб’ектах. У гэтым выпадку ўдзел чалавека ў працэсе ацяплення зводзіцца да мінімуму: замест чатырох работнікаў працуе толькі адзін.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.