Тыквы-великаны выросли у Валентины Чучман из города Докшицы

img_4912-s

У рэдакцыю патэлефанавалі: ля аднаго з дамоў на вуліцы Міцкевіча ў Докшыцах выраслі вялізныя гарбузы, некалькі пералезла праз плот на дарогу, і многія мінакі, прахожыя і праезджыя, з імі фатаграфуюцца. Паехалі знаёміцца з уладальнікамі ружова-аранжавых веліканаў – думаю, гэта менавіта сорт “Велікан”. “А я іх таўстапузамі заву”, – смяецца гаспадыня Валянціна Чучман, пенсіянерка, былая медсястра Докшыцкай ЦРБ з вялікім стажам работы і шматлікімі ўзнагародамі за добрасумленнасць і прафесіяналізм.

Валянціна Пятроўна гарбузы вырошчвае шмат гадоў па сваёй, адпрацаванай і ўдасканаленай, тэхналогіі. Запэўнівае, што гэтыя прадстаўнікі гародніннага свету адны з самых карысных. Іх у новай знаёмай сапраўды шмат і значных памераў, а яшчэ ж ёсць час для росту. Харчуюцца імі сама агародніца, дзеці (іх у Валянціны Пятроўны трое) з сем’ямі, уся радня, суседзі, проста добрыя людзі – дзеліцца сваім багаццем жанчына шчодра і ад душы. Ну і козачцы, пастаўшчыцы малака для той самай гарбузовай кашы, вядома ж, застаецца.

Навошта вялікі клопат у залатым узросце – садзіць цэлую бахчу таўсцякоў, пытаемся. Твар Валянціны Пятроўны асвятляецца ўсмешкай:

– Дзяліцца імі для мяне радасць. Ну праўда ж хораша глядзіцца такі сувенір?

Ды ўжо ж, не кабачок які-небудзь, пра які ў якасці падарунка як толькі ні жартуюць. І колькі ні супраціўляліся, прыязная агародніца не адпусціла нас без аранжавага колеру таўстапуза, якога мы ледзь пагрузілі ў багажнік рэдакцыйнай “Нівы”. Думаем цяпер, у чым і дзе зварыць столькі гарбузовай кашы. А можа, будзем спяліць на семачкі. Налета станем спаборнічаць, у каго гарбузы выраслі большыя. Вось так адна харошая жанчына падарыла цэламу калектыву настрой свайго гадаванца – сонечны.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *