Живописный уютный двор создали жители агрогородка Крулевщина Олег и Вера Бесецкие

Спадары Бясецкія ў адным з утульных куточкаў сваёй сядзібы.

Спадары Бясецкія ў адным з утульных куточкаў сваёй сядзібы.

Ведаеце, дарагія чытачы, што заўважыла, ужо шмат гадоў ездзячы па раёне і бываючы ў розных гаспадароў? Ёсць сядзібы, дзе ўсё стыльна, прыгожа, суперакуратна, чымсьці адметна, а пакідаеш такое месца без шкадавання і хутка забываеш пра яго. А ёсць панадворкі і іх гаспадары, да якіх хочацца вяртацца зноў і зноў, бо і месцы гэтыя, і людзі нясуць у сабе своеасаблівую, ні з чым непараўнальную цеплыню. Як Вера і Алег Бясецкія з Крулеўшчыны.

Дом іх на вуліцы Савецкай запомніўся нам яшчэ раней, але завітаць да спадароў Бясецкіх неяк усё не выпадала. Гэтым разам, да вялікай радасці, атрымалася. Што ўразіла найперш? На немалой прысядзібнай тэрыторыі – значных жа памераў штучная сажалка, дызайн якой аказаўся максімальна набліжаным да натуральнай. Хараство – плакучыя вербы на беразе, мосцік, гарлачыкі ў вадзе, чараты, а яшчэ чародка качак. Не дзікіх, свойскіх, але ж не менш прыгожа. У сажалцы да ўсяго жыве плойма рыбы і жабак. І ўсё гэта справа рук гаспадароў.

dscn5254

Алег Багданавіч мае вадзіцельскі стаж больш як 35 гадоў, а зараз працуе вартаўніком у мясцовай школе. З Верай Мікалаеўнай, як аказалася, знаёмыя: яна апошнія 15 гадоў перад выхадам на заслужаны адпачынак працавала на племстанцыі. Цяжка ўявіць, як умудралася яна весці такую гаспадарку працуючы. Цяпер, кажа, часу прыбавілася, але ён усё роўна цалкам запоўнены хатнімі клопатамі. Аднак, як гаворыцца, яно таго вартае.

Экскурсію па маляўнічым двары Бясецкіх актыўна дапамагаюць праводзіць унучка гаспадароў Маша, віцябчанка, шчабятушка, чароўная і непасрэдная беларусачка з сінімі вачыма і таўшчэзнай ільняной касой, а таксама лабрадор Джэсіка, сама прыязнасць і дабрыня. Залатыя рукі гаспадара бачны ў вырабах з дрэва і металу: альтанка, арэлі, цяпліцы, розныя лаўкі, мосцікі, садовыя фігуркі, сярод якіх сімпатычныя “лятаючыя” ведзьмачкі на спецыяльных гнуткіх канструкцыях, арыгінальныя кашпо для кветак, аркі, пераплеценыя вінаграднай лазой, – усяго і не злічыць. Нават паштовую скрыню майстар зрабіў у форме доміка на курыных ножках. Гараж Алега Багданавіча больш нагадвае аўтакраму, дзе ад падлогі да столі ўсё раскладзена і развешана ў ідэальным парадку. А Вера Мікалаеўна ўжо за расліннасць адказвае, і кветкі, атуленыя яе клопатам, дзе толькі ні жывуць у гэтым райскім куточку! Добраўпарадкаванне і агародніцтва не адзіныя захапленні цудоўнай сям’і, у якой, з першага погляду бачна, пануюць любоў і згода. У Бясецкіх ёсць маленькі “бізнес”: у інкубатарах яны выводзяць гусянят, качанят, куранят. Не толькі для сябе, але і на продаж. Налюбаваліся ўволю на ўсю пушыстую мілату, якая, між іншым, патрабуе немалога клопату, на стракатых курэй карлікавай пароды “бентамка”, якія, са смехам распавяла гаспадыня, могуць заначаваць на дрэве. Паспяваюць рупліўцы дагледзець і бацькоўскую сядзібу Веры ў Кляпіцах: калодзеж там адрамантавалі, вуллі паставілі – Алег Багданавіч даўно ўжо займаецца пчалярствам. Самы актыўны ўдзел прыняў ён у абгароджванні могілак у Малажанях, штогод дапамагае іх абкошваць. І ў грыбы сужэнцы ездзяць (паблізу няма). Маша сцвярджае, што смачнейшай піцы, чым бабуліна “Лясная паляна”, ёй нідзе не давялося спрабаваць. А яшчэ Вера Мікалаеўна займаецца вырабам дэкаратыўных свечак з воску – вельмі хораша атрымліваецца.

dscn5255

– Думалі з Алегам, што з гадамі больш часу будзе на адпачынак, дык дзе там! І тое хочацца зрабіць, і іншым заняцца, – дзеліцца яна на развітанне. – Але ж калі праца радасць прыносіць, дык і цяжкім грузам яна не бывае.

dscn5257

dscn5269

dscn5272

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *