Обработать поездную документацию быстро и точно — задача оператора СТЦ станции Крулевщизна Ирины Шестаковой

img_5620-s

Сёння – Дзень чыгуначніка

Прыбываюць і адпраўляюцца пасажырскія цягнікі, сартуюцца грузы, вядуцца манеўровыя работы… Дзейнасць чыгуначнай станцыі не спыняецца ні на хвіліну. Каб усё выконвалася своечасова і хутка, неабходна дакладна апрацоўваць вагонапатокі. Гэтым займаецца станцыйны тэхналагічны цэнтр – важнейшы элемент у рабоце чыгуначнай станцыі. Крыху больш за 30 гадоў аператарам цэнтра апрацоўкі паязной дакументацыі станцыі Круляўшчызна працуе Ірына Шастакова. Штозменна яна правярае і перадае вялікую колькасць перавозачных дакументаў. 

Напэўна, лёсам было наканавана, каб карэнная брэстаўчанка скончыла Віцебскі індустрыяльны тэхнікум і прыехала на адпрацоўку майстрам на цагельны завод у Крулеўшчыну. А калі прадпрыемства закрылася, апынулася на станцыі: тады якраз тут патрэбны былі рабочыя рукі.

Свой першы працоўны дзень Ірына Шастакова добра памятае – 21 красавіка 1992 года:

– Усё навокал было для мяне новае, незнаёмае, але ў той жа час і цікавае, таму хацелася пазнаваць і вучыцца. Ды і не адна я такая была. Нас, маладых, многа тады прыйшло, дык разам і спасцігалі ўсе прафесійныя тонкасці. Часта бегалі “на парк” (усе вагоны, што стаяць на пуцях станцыі. – Рэд.) вагоны апісваць.

Гэта зараз усё ведаеш на памяць, а тады было цяжкавата. Вельмі ўдзячна сваёй першай настаўніцы Ірыне Іванаўне Касцюковіч, якая літаральна за руку вадзіла і паказвала, тлумачыла ўсё: якія вагоны, што абазначае кожная лічба ў іх нумары. Цярпліва на любое пытанне адказвала.

Ірына Шастакова выдае дазвол на выезд вадзіцелю мотавоза Сяргею Ісакаву.

Ірына Шастакова выдае дазвол на выезд вадзіцелю мотавоза Сяргею Ісакаву.

Тады, узгадвае Ірына Аляксандраўна, інфармацыю апрацоўвалі ўручную. Усе натурныя лісты з інфармацыяй пра цягнікі і вагоны, якія складаюцца ў пункце фарміравання поезда і перадаюцца на станцыі па маршруце следавання, былі на папяровых носьбітах. Лічбавізацыя толькі-толькі пачыналася. Спачатку з’явіліся машыны для перадачы інфармацыі, ад работы якіх у памяшканні стаяў пастаянны гул. Потым іх змянілі камп’ютары. Асвойваць новыя праграмы моладзі было прасцей, і тут ужо яна прыходзіла на дапамогу старэйшым калегам.

– Зараз занесеную ў сістэму інфармацыю можа “бачыць” любое аддзяленне чыгункі. І наша задача ў тым, каб яна была дакладная і своечасовая, – расказвае пра тонкасці работы Ірына Шастакова. – За змену апрацоўваем мноства натурных лістоў. У нашай справе не бывае дробязей: неабходна праверыць адпаведнасць пакета з дакументамі па дадзеным цягніку, зверыць наяўнасць і нумары вагонаў у саставе. Трэба быць вельмі ўважлівым і сабраным, бо адказнасць вялікая, памыляцца нельга, між іншым, як і ў любой рабоце на чыгунцы. Малая недакладнасць можа дорага каштаваць. Бывае, што думкі пра работу не пакідаюць і дома.

У 2015 годзе Ірына Шастакова ўзнагароджана нагрудным знакам “За добрасумленную працу на Беларускай чыгунцы” ІІІ ступені.

Увогуле, падзялілася наша гераіня, асабістае жыццё чыгуначнікаў цесна звязана з работай станцыі. Многім, напрыклад, не патрэбны гадзіннік – час вымяраюць па раскладзе руху цягнікоў і, пачуўшы чарговы раз знаёмы гук, беспамылкова называюць гадзіны і хвіліны.

Пасля адказнай і напружанай змены Ірына Шастакова спяшаецца дадому. Прыгожую, утульную сядзібу абуладкавалі разам з мужам. Гаспадыня вельмі любіць кветкі і можа падоўгу займацца імі. Сужэнцы выхавалі годных сына і дачку, зараз цешацца пяццю ўнукамі, якія любяць гасціць у бабулі з дзядулем у аграгарадку.

Ірына Аляксандраўна ўсёй душой прыкіпела да чыгункі, да Крулеўшчыны. Лічыць яе ўтульным і зручным населеным пунктам, дзе можна жыць і працаваць. Тым больш што ўмовы дазваляюць – было б толькі жаданне.

Наталля ВАСЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *