Поэтесса, автор сборников поэзии на белорусском и русском языках Алина Легостаева — героиня проекта «За чашечкой кофе»

dscn5486

Алина Легостаева: «Иду по лезвию строки…»

Мы сустрэліся з ёю ў яе літаратурнай гасцёўні, што месціцца ў шасцікватэрным доме ў Крулеўшчыне, каля самай чыгункі. У кватэры той прайшлі яе дзяцінства і юнацтва, тут жылі да скону яе бацькі, і яна, зараз мінчанка, праз гады вярнулася сюды, каб, як сама кажа, адпачываць душой і набірацца сіл. І пісаць вершы. Яна – гэта наша зямлячка, паэтэса, аўтар васьмі зборнікаў паэзіі на беларускай і рускай мовах, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аліна ЛЕГАСТАЕВА. У размове за кубачкам кавы з гэтай чароўнай жанчынай незаўважна праляцела некалькі гадзін, ды ўсё ж развітвалася з ёю не толькі напоўненая мяккім святлом яе душы і ўражаная яе мудрасцю, ведамі, талентам, але і са шкадаваннем, нават з жалем: мала! Адчуванне такое, што атрымалася закрануць толькі вяршыню айсберга. Астатняе імкнуся ўбачыць, спасцігнуць у яе вершах:

Прости мне, Господи,
не накажи презреньем
Осенних рифм горячие слова,
Которыми грешу, как откровеньем.
Я – в слове вся. А без него – мертва.

– Аліна Антонаўна, калі пачалі пісаць?

– Дзесьці ў 60-я гады (суразмоўцы зараз за восемдзесят, а выглядае яна як мінімум на дваццаць гадоў маладзейшай – Аўт.). І некалькі дзесяцігоддзяў гэта было проста маім захапленнем, якога патрабавала душа. Пра тое, каб вершы пабачылі свет на старонках кнігі, не задумвалася, хаця час ад часу друкавалася ў розных перыядычных выданнях. Жыццё маё кіпела і віравала: можаце сабе ўявіць, што такое памяняць месца жыхарства дванаццаць разоў, часам у спешным парадку. Я жонка ваеннага, і гэтым усё сказана.

– Што ж, давайце тады і размову павядзём па парадку, прыгадаем, як у дзяўчынкі Алінкі ўсё пачыналася…

– Нарадзілася я на Пастаўшчыне, у вёсцы Верацеі, знакамітай тым, што там жыў праслаўлены лекар, якога звалі Далманам. У Крулеўшчыну наша сям’я пераехала, калі мне споўнілася сем гадоў. Школьныя гады ўспамінаю з радасцю і нават замілаваннем. Мо, таму і выбрала прафесію педагога – настаўніка хіміі і біялогіі. З лёгкасцю паступіла ў Віцебскі педінстытут, а пасля яго заканчэння накіравалася працаваць у Гродзенскую вобласць, у Ашмяны. З радасцю і натхненнем пагрузілася ў вір школьных клопатаў, але мой настаўніцкі шлях не стаўся працяглым. Каханне, замужжа – і, нітачкай за іголкай, еду за мужам у Вільнюс. Больш за два дзесяцігоддзі пражыла ў Літве, вывучыла мову і кім толькі ні працавала. З 1980 па 1985 год давялося з мужам прымаць удзел у будаўніцтве БАМа – я там была інжынерам-эканамістам. Памятаю, як дабіраліся яшчэ сотні кіламетраў ад Хабараўска ў глыб тайгі, у рабочы пасёлак, дзе нас “сустрэла” жыллё з абшарпанымі сценамі і вялізнай дзіркай у падлозе. І гэта яшчэ пашанцавала, бо некаторыя сем’і атрымалі “кватэры” з пустымі аконнымі праёмамі і без дзвярэй. Не расказаць, якіх намаганняў каштавала стварыць там нейкую ўтульнасць і падабенства камфорту. І зноў пераезд. Калі верыць таму, што два пераезды раўназначныя аднаму пажару, то наша сям’я “гарэла” шэсць разоў (смяецца).

А ўвогуле ўспамінаецца ўсё з цёплай настальгіяй. З БАМаўскіх часоў у мяне сабраны цэлы архіў: дакументы, граматы, фотаздымкі, газеты, дзе ёсць і мае вершы. Не было дастатку і камфорту, а шчасце – было. Бо яно ж, як вядома, не грашыма, не чымсьці матэрыяльным вымяраецца.

– А калі вярнуліся ў Беларусь?

– У 1992 годзе, пасля распаду СССР, калі ў Літве, мякка кажучы, стала няўтульна. Я фаталістка. Лічу, што ўсё, што ні адбываецца з табой, вядзе да лепшага. А вяртанне на радзіму – што можа быць лепшым? Жылі спачатку ў Лагойску, я ўрэшце зноў стала працаваць па прафесіі. І вершаў стала нараджацца ўсё больш і больш.

– Аліна Антонаўна, якім чынам вы захавалі выдатнае веданне беларускай мовы і не менш выдатнае ёю валоданне, дзесяцігоддзямі яе не чуючы і не размаўляючы на ёй?

– Інакш не магло быць! Родная мова – гэта ж святое. Ведаю і люблю рускую мову, шмат пішу і гавару на ёй, але беларуская – гэта нешта асобнае і асаблівае, дадзенае па месцы нараджэння, закладзенае пакаленнямі продкаў, адцурацца чаго як адцурацца сваёй маці, зямлі, імені. А яшчэ…

Расла на памежжы краін і стагоддзяў
У часе не лепшым ад самых народзін.
Дзіця ліхалецця, спазнаўшае голад,
Не выдалі смерці малітвы анёлаў.
Як лісцік асіны, далёка ад дому
Гнаў вецер чужынны і звычкі, і мову.
І слоўца матулі, Купалы і Броўкі
Ніколі не чулі сябры і сяброўкі.
Хто полькай лічыў,
хто жмудзінкай, хто рускай,
Вось толькі ніхто і ні ў чым бе-ла-рус-кай.
Дык, можа, хоць вершам,
душы пастаянствам
Урэшце пацверджу сваё грамадзянства.

Думаю, увогуле ўва мне загінуў нядрэнны філолаг, а мо і мовазнаўца: мовы я вучу лёгка, хутка – вось па-літоўску гавару добра, і па-нямецку нядрэнна, яшчэ на некалькіх мовах чытаю.

– А якім чынам выбіраеце, будзе гучаць новы верш па-беларуску ці па-руску?

(Задумваецца) Складана сказаць… Думаю, што па-беларуску больш гучыць усё, што звязана з радзімай, бацькамі, дзяцінствам. Хаця верш звычайна нараджаецца з нейкай думкі, высновы. Думаю ў гэты час па-руску – так і кладзецца ён на паперу, па-беларуску – так і пішацца далей.

– У гэтым доме ў Вас дзве кватэры, бацькоўская і яшчэ адну купілі. У адной зроблены сучасны рамонт, і Вы з мужам там жывяце з мая па кастрычнік. А зараз мы знаходзімся ў другой, дзе захаваны дух савецкага часу і дзе шмат цікавых рэчаў тае пары. Вось пра яе – падрабязней.

– Гэта маё месца сілы, месца натхнення, месца, куды іду пісаць, думаць, проста пабыць у цішыні. Я люблю людзей, зносіны, цікавыя кампаніі, але і адзіноту таксама люблю. Тут не толькі рэчы, якія належалі маім бацькам, радні, але і мае – з тых часоў. Пра кожную магу шмат расказаць, з кожнай звязаны нейкія падзеі, уражанні, успаміны. Вось як гэты патэфон, на якім мы слухаем пласцінкі. Калі ў нас бываюць госці або прыязджаюць дзеці з унукамі, арганізоўваем вечары, напрыклад, танга ці вальса. У мяне сын, дзве дарослыя ўнучкі, а нявестка, дарэчы, таксама з Крулеўшчыны. Люблю іх усіх бязмерна, але маё мацярынскае шчасце азмрочана стратай другога сыночка, якога пахавалі ў 23-гадовым узросце. Перажыць страшэнны боль дапамагла таксама паэзія. Але я адхілілася… Шмат любові ўклала я ў гэты куточак: планавала, дзе што будзе знаходзіцца, падбірала карпатліва рэчы, дэталі, карціны і фотаздымкі, прыводзіла ўсё ў дастойны выгляд. Мне здаецца, атрымалася ўтульна, у стылі тых часоў і разам з тым, так бы мовіць, не архаічна. Прынамсі, самой тут хораша, а гэта галоўнае. Вельмі люблю, каб было прыгожа ва ўсім, нават у дробязях. Заўжды трапятліва адносілася да свайго знешняга выгляду, да інтэр’еру жылля, да сервіроўкі стала… Чалавек павінен несці ў гэты свет дабрыню і прыгажосць, ствараць штосьці, што будзе не толькі карысным для іншых, але і прыемным.

– Адсюль пытанне: як Вы адносіцеся да таго, што паэзія – з’ява не масавая, а, як сказаў адзін вядомы пісьменнік, рэч элітарная, і далёка не кожнаму дадзена разумець яе хараство і веліч, захапляцца ёю, ацэньваць вартасць твораў і талент іх аўтараў?

– Гэта сапраўды так. Нармальна адношуся, і не дай бог, каб, прачытаўшы твой верш, станоўча пра яго выказаўся хтосьці, для каго паэзіяй з’яўляюцца радкі тыпу “люби меня, как я тебя, и будем вечно мы друзья”. Значыць, ты ў сваёй творчасці знаходзішся прыкладна на такім жа ўзроўні (смяецца). Калі сур’ёзна, то, канешне, паэт зараз у грамадстве не настолькі папулярная асоба, як, скажам, у 60-я ці 70-ыя гады. Аднак, бываючы на рознага роду літаратурных сустрэчах, чытаннях, імпрэзах, бачу там нямала моладзі, і гэта ўсяляе надзею. Будзем аптымістамі: ва ўсе часы нараджаліся і будуць нараджацца людзі, якія не могуць не пісаць, і людзі, якія не могуць не чытаць. А значыць, вершаванаму слову жыць. Напісанае ж – застаецца.

– Вашы творы пачалі выходзіць у свет цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў. Напісанае раней моцна розніцца з сённяшнімі вершамі?

– Безумоўна, так. Сталенне прыносіць менш эмацыйнасці, а больш
сузіральнасці і філасофіі. Але ж вершы – гэта як дзеці: любіш усіх, незалежна ад таго, у якім узросце нарадзіў і як цяжка выношваў.

– Вашы зборнікі маюць вельмі прыгожыя назвы: “На вертикали сердца”, “Поле жизни моей”, “Позніх кветак святло”, “Когда-нибудь…”, “Яшчэ да Евы я жыла”, “Под парусом страницы”… Музыкай гучыць. Шмат Вашых вершаў пакладзена на музыку?

– Некалькі дзясяткаў. Часам раблю гэта сама, калі ў душы нараджаецца і мелодыя. Граю на гітары, што вельмі дапамагае ў творчасці. Безумоўна, радуюся, калі на мае словы пішуць песні беларускія кампазітары, калі гэтыя песні гучаць са сцэны ў выкананні розных спевакоў, у тым ліку і народнага артыста Беларусі Уладзіміра Правалінскага.

– У чым яно, шчасце паэта?

– Адкажу вершам:

Дзе жыве шчаслівая паэтка?
Муза, падкажы каардынаты.
Палячу на лёгкіх крылах лета
Да яе – ў ружовым садзе – хаты.
Распытаю: “Ў чым ты мела шчасце?
У каханні, працы або дзецях?
І якое нажыла багацце
Тут, у прагным, ачарсцвелым свеце?”
Мой намер падслухаў вольны вецер
І шапнуў – таму нябёсы сведкі:
“Не шукай, бо зваблівая квецень
Не заўсёды шчасце для паэткі.
Жыў я на Алімпе і Парнасе,
Знаў багоў і муз адначасова.
Зразумеў, што для паэта шчасце –
Толькі з сэрца вынятае слова!”

Знаёмства з творчасцю Аліны Легастаевай – у адным з бліжэйшых выпускаў нашай “Літаратурнай гасцёўні”.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *