Дружественную детям комнату опроса открыли в Социально-педагогическом центре Докшицкого района
У Сацыяльна-педагагічным цэнтры Докшыцкага раёна адкрыты дружалюбны пакой для апытання дзяцей.
Гэта спецыяльна абсталяванае памяшканне, дзе можа ажыццяўляцца допыт пацярпелых ці сведак, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, па крымінальных справах аб злачынствах супраць асабістай свабоды, гонару і годнасці, жыцця і здароўя, палавой недатыкальнасці або палавой свабоды.
– Пакой можа выкарыстоўвацца ў час правядзення праверак па заявах і паведамленнях пра злачынствы ў парадку, прадугледжаным Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, пры следчых і іншых працэсуальных дзеяннях або з мэтай аказання непаўналетнім сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі, – патлумачыла дырэктар Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Вольга Ковель.
Пакой абсталяваны сучаснай сістэмай відэа-гукавой фіксацыі. Афармленне сцен выканана ў цёплых пастэльных танах, устаноўлена новая мэбля – у цэлым для дзяцей створана псіхалагічна камфортная атмасфера. Новы пакой будзе функцыянаваць у адпаведнасці з рэжымам работы цэнтра, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.
– На жаль, насілле над дзецьмі з’яўляецца распаўсюджанай з’явай у свеце, – адзначае Вольга Мікалаеўна. – Нараўне з дамашнім і іншым гвалтам асабліва хвалюе грамадства сексуальнае насілле, з ахвярамі якога ў зносінах патрэбна быць надта далікатнымі, каб не траўміраваць іх паўторна.
У цэнтры нагадалі, што ў сувязі з абаронай дзіцяці ў сітуацыі гвалту законныя прадстаўнікі могуць звярнуцца ў аддзел унутраных спраў райвыканкама, раённы аддзел Следчага камітэта, пракуратуру, да спецыялістаў агульнаадукацыйных і сацыяльных устаноў адукацыі, медыцынскага работніка арганізацыі аховы здароўя.
Тэлефон даверу (бясплатна, ананімна) 8 029 899 04 01 (кругласутачна)
Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі +375 17 300 1006
Агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад дамашняга гвалту 8 017 317 32 32 (кругласутачна) 8 801 100 8 801 (з 8:00 да 20:00)
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота прадастаўлена СПЦ.