Лук-великан вырос у жительницы деревни Красное Березино Докшицкого района
Дзве цыбуліны – больш за кілаграм! Такі вось ураджай сакавітых “чыпалінаў” вырасціла сёлета жыхарка Чырвонага Беразіна Таццяна Пярэдня. Самыя большыя – па 700-800 грамаў.
Памятаю з дзяцінства, як жанчыны ў вёсцы належны памер цыбуліны ацэньвалі характарыстыкай “па кулаку”, а багацце сабранага – колькасцю сплеценых вянкоў. Цыбулю Таццяны Аляксандраўны паплесці ў вянкі не атрымаецца: не падымеш такі вянок, каб павесіць, бо адна галоўка не тое што па кулаку, а па два, прытым мужчынскія.
Варта адзначыць, што да такога памеру “дагадавала” Таццяна цыбуліны не з маленькага сяўка, а з насення. А гэта значыць, што яго трэба было пасеяць яшчэ ў канцы лютага, потым скрынкі з танюткімі парасткамі вынесці ў цяпліцу на дарошчванне, каб было больш святла, і доўга гуляцца з імі там, улічваючы халодныя красавіцкія ночы. І толькі ў маі можна было акуратна, каб не пашкодзіць расткі, перасадзіць зялёных гадаванцаў на градку.
Шмат клопатаў, але ж і вынік парадаваў. Можа, у штодзённым абыходзе такая цыбуліна і не зусім зручная, бо ў якую ж страву цалкам можна яе ўжыць. А вось для нарыхтовак на зіму самае тое: пачысціў дзве штукі – і ў цябе ўжо гатова норма на закладку салаты. Ды і сорт такі, што шмат слёз не вымагае. Таццяна Аляксандраўна запэўнівае, што ніводная цыбуліна не змарнуецца, бо сям’я вялікая, вітамінаў трэба шмат. Ну а вырашчанае сваімі рукамі, не сакрэт, нашмат смачнейшае.
Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.