В Бегомльском лесхозе сеянцы березы выращивают в коробах

Аляксандр Ярашэвіч: “У цяпліцы з сістэмай рампавага паліву добра ўкараніліся будучыя елачкі”.

Аляксандр Ярашэвіч: “У цяпліцы з сістэмай рампавага паліву добра ўкараніліся будучыя елачкі”.

Каля 250 тысяч адзінак пасадачнага матэрыялу бярозы вырасцілі ў гадавальніку Бягомльскага лясгаса ў карабах літаральна за год.

Мы сустрэліся з начальнікам гадавальніка Аляксандрам Ярашэвічам, каб падрабязней даведацца пра новыя кірункі, якія выкарыстоўваюцца лясгасам для стварэння якаснага насеннага матэрыялу.

– Упершыню задача адысці ад “дзікага” рассейвання бярозы і пачаць вырошчваць дрэўцы ў карабах была пастаўлена перад спецыялістамі галіны летам мінулага года на семінары-нарадзе ў Глускім лясгасе, – расказвае Аляксандр Сяргеевіч. – Яго ўдзельнікам быў прадэманстраваны якасны насенны матэрыял у карабах з усходжасцю практычна 100 працэнтаў. І сапраўды так. Мы вырошчваем бярозу ў карабах толькі год, аднак выснову гэту гатовы пацвердзіць. Насенне нарыхтоўваем самастойна. Праполка будучых дрэў мінімальная, прырост выдатны.

Лесавод Вераніка Кабак даглядае будучыя дрэўцы.

Лесавод Вераніка Кабак даглядае будучыя дрэўцы.

Аляксандр Ярашэвіч запрашае карэспандэнта самастойна ўпэўніцца ў высновах спецыялістаў і дэманструе даўжэзныя драўляныя канструкцыі – карабы. Майструюць іх на гадавальніку самастойна. Шырыня – каля 150 сантыметраў, у даўжыню могуць цягнуцца да 150 метраў. Адзін бок 30-40 сантыметраў, другі – удвая вышэй. Гэта, тлумачыць спецыяліст, зроблена дзеля таго, каб стварыць зацяненне і больш зручна было накрываць пасадкі спанбондам. Высаджваюць насенне ў сумесь пяску з торфам. Для павелічэння вільгацяёмістасці дадаюць перліт. Далей, пры ўмовах добрага паліву, якія, відавочна, створаны ў гадавальніку, насенне прарастае ўжо напрыканцы першага тыдня. Дарэчы, Мінлясгас пакінуў за лесаводамі кожнага рэгіёна права манеўраваць з тэхналогіяй вырошчвання сеянцаў бярозы. Усё ж такі нельга скідаць з рахунку асаблівасці кліматычных умоў, глебы і іншыя ўмовы мясцовасці.

Елкі – у лес, туі – на сядзібу

У гадавальніку можна  выбраць кустоўе для  азелянення сядзібы.

У гадавальніку можна выбраць кустоўе для азелянення сядзібы.

Зразумела, што бяроза не вядучая культура, а элемент дапаўнення змешаных лясоў. Асноўнымі пародамі, якія выкарыстоўваюцца для лесаўзнаўлення Бягомльскім лясгасам, з’яўляюцца елкі і сосны. Аляксандр Ярашэвіч адзначае, як выдатна адчуваюць сябе сеянцы елкі ў цяпліцах з сістэмай рампавага паліву. Сапраўды выглядае ўнушальна: яркае палатно зелянюткіх дрэўцаў, якіх налічваецца амаль 600 тысяч штук. А між тым работа на гадавальніку не спыняецца. Калектыў падраздзялення не надта вялікі – пяць чалавек працуюць пастаянна, яшчэ чатыры прымаюцца сезонна, а аб’ёмы работы вялізныя. Трымаць тэрыторыю ў 16,8 гектара ў парадку, ды яшчэ і за якасцю насеннага матэрыялу сачыць, за сістэмай паліву, каб не давала збою, хутка рэагаваць на капрызы надвор’я – задач хапае. У дадатак да асноўных відаў вырошчваюць лесаводы клён, каштан, ліпу, абляпіху, дуб, ясень. Па асабліва прывабным кошце можна непасрэдна ў гадавальніку набыць туі рознага ўзросту, многае іншае дэкаратыўнае кустоўе для азелянення тэрыторыі арганізацыі ці ўласнай сядзібы.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *