Профессионально работает водитель на вывозке леса ГЛХУ «Бегомльский лесхоз» Алексей Романенко
15 верасня – Дзень работнікаў лесу
З нагоды прафесійнага свята – Дня работнікаў лесу – Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны вадзіцель аўтамабіля на вывазцы лесу ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Аляксей Раманенка.
Тое, што мы заспелі героя артыкула на тэрыторыі мехмайстэрняў лясгаса, было ўдачай. Аляксей Уладзіміравіч рыхтаваў магутныя МАЗ-МАН да праходжання дзяржтэхагляду. Не так даўно ён вярнуўся са Жлобінскага лясгаса, дзе зараз на разборы ветравальных лесасек сканцэнтраваны ўсе лепшыя кадравыя сілы галіны. За восем гадоў працы ў Бягомльскім лясгасе гэта далёка не першы рэгіён, дзе пасля разгулу стыхіі яму даводзілася працаваць на вывазцы драўніны. Усяго ж лясной гаспадарцы Аляксей Раманенка прысвяціў больш за два дзесяцігоддзі працоўнага стажу, з іх 14 працаваў у яшчэ адным профільны прадпрыемстве, якое некалі было ў Бягомлі, – на вытворчым участку ААТ “Плешчаніцылес”.
Аляксей Уладзіміравіч чалавек тактоўны, сціплы, лішніх слоў не кідае. Свой прафесіяналізм і кемлівасць дэмаструе падчас непасрэднага выканання прафесійных абавязкаў. Паспрабуй у холад і мароз, умела кіруючы маніпулятарам, загрузіць сартыментавоз драўнінай, а потым філігранна вывесці даўжэзную тэхніку з лесу ў складаных дарожных умовах!
Як вынік гэтага – колькі лічбаў з афіцыйнай даведкі Бягомльскага лясгаса: за мінулы год выкананне нормаў вывазкі вадзіцелем А.У. Раманенкам склала 135 працэнтаў, сёлета ўжо вывезена 12,7 тысячы кубічных метраў драўніны.
Пры размове з Аляксеем Уладзіміравічам адчуваецца нехарактэрнае беларусу вымаўленне. Герой пацвярджае выснову:
– Я нарадзіўся і жыў у горадзе Новакузнецку Кемераўскай вобласці. Калі быў васьмікласнікам, бацькі пераехалі ў Беларусь, у прыватнасці – у Бераснёўку. У калгасе імя Юхнаўца я пачынаў сваю працоўную дзейнасць: амаль дзесяць гадоў быў вадзіцелем, потым вось лёс закінуў у лясную гаспадарку. Жыву ў Бягомлі. Жонка працуе ў школе, дачка – студэнтка юрфака БДУ, сын яшчэ школьнік, кім быць, пакуль не вырашыў, але бачу, што цягнецца да ўсяго, што звязана з сучаснымі тэхналогіямі. Жыццё пакажа. Знайсці сябе можна на любым месцы і ў любой сферы. Галоўнае – не ленавацца і заставацца чалавекам пры любых абставінах. Карыстаючыся магчымасцю, віншую з нагоды свята ўсіх сваіх калег – хлопцаў, якія шчыруюць на ветравалах, тых, хто працуе ў лясніцтвах, цэху, на пелетах і сушылцы, ну і наша вадзіцельскае братэрства. Няхай будзе ва ўсіх самае галоўнае – мірнае неба і моцнае здароўе.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.