Узнали результаты поступления выпускников школ Докшицкого района
Сёлета ўсе пяць выпускнікоў Парплішчанскай СШ паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы – гэты стопрацэнтны паказчык найлепшы ў раёне.
Дзеці займаліся ў агракласе, дзе засвойвалі праграму факультатыўнага занятку “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, на павышаным узроўні вывучалі хімію і біялогію. Вынікам мэтанакіраванай дзейнасці па прафарыентацыі стала паступленне чатырох вучняў менавіта на факультэты сельскагаспадарчага напрамку. Адзін з іх абраў Віцебскую ветэрынарную акадэмію, трое – Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Прычым тры выпускнікі паступілі па мэтавых накіраваннях.
Яшчэ адна вучаніца стала студэнткай Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта.
– У прафарыентацыйнай рабоце важна ўзаемадзейнічаць з бацькамі школьнікаў, – адзначае намеснік дырэктара Парплішчанскай СШ Наталля Крук. – Іх меркаванне для дзяцей аўтарытэтнае, і часта на асабістым прыкладзе яны паказваюць, якіх поспехаў можна дасягнуць у той ці іншай прафесіі. Дарэчы, бацькі многіх нашых навучэнцаў працуюць менавіта ў сельскай гаспадарцы і могуць, абапіраючыся на рэальныя факты, даходліва растлумачыць, якія перспектывы для самарэалізацыі адкрывае тая ці іншая спецыяльнасць гэтай галіны.
Высокія вынікі паступлення выпускнікоў у гэтым годзе таксама ў Крулеўшчынскай СШ – 78 працэнтаў ад агульнай колькасці, у Сітцаўскай СШ – 75 працэнтаў, СШ № 1 г. Докшыцы – 70,8 працэнта.
Наогул, ва ўсіх установах адукацыі раёна вядзецца значная работа па прафесіянальным вызначэнні вучняў. У 2023/2024 навучальным годзе профільным навучаннем было ахоплена 79,3 працэнта дзесяцікласнікаў і 72,7 працэнта адзінаццацікласнікаў. Працавалі групы педагагічнай, інжынернай, прававой, ваенна-патрыятычнай накіраванасці, аграрныя класы і групы, праводзілася падрыхтоўка па прафесіях “Швачка” і “Сталяр”.
У 2024 годзе на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 16 выпускнікоў раёна (вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы), з іх трое – па мэтавых дагаворах. Эфектыўнасць работы педкласаў раёна па паступленні на адпаведныя спецыяльнасці ў гэтым годзе склала 22,2 працэнта (у вобласці – 32 працэнты), агракласаў – 35 працэнтаў (у вобласці – 12).
У новым навучальным годзе ў дзясятых класах школ раёна адкрыты профільныя группы педагагічнай накіраванасці (СШ № 2 г. Докшыцы, Бягомльская, Крулеўшчынская СШ), аграрнай (СШ № 1 г. Докшыцы, Сітцаўская, Крулеўшчынская, Параф’янаўская СШ), інжынернай (Сітцаўская СШ), ваенна-патрыятычнай (СШ № 1 г. Докшыцы, Бягомльская СШ). Дзесяцікласнікі і адзінаццацікласнікі асвойваюць прафесіі швачкі і сталяра.
У цяперашні час у сферы адукацыі прэваліруе меркаванне, што ў дзясятыя класы варта набіраць толькі вучняў, якія маюць дастаткова высокі сярэдні бал – не ніжэйшы за сем.
– На трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі павінны вучыцца высокаматываваныя дзеці, – падтрымлівае такое бачанне начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Дзмітрый Парцянка. – У апошнія гады з дзевяцікласнікамі нашага раёна праводзіцца выніковая работа па выбудоўванні траекторыі іх далейшага навучання. Як доказ – у 2024 годзе 69 працэнтаў гэтых выпускнікоў прадоўжаць навучанне ў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных установах (2023 год – 57 працэнтаў).
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота ілюстрацыйнае.